epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Схіліцца перад вамі

Мы ўсе павінны

ў ногі вам схіліцца,

Схіліцца —

і удзячна памаўчаць,

Мінулага жанчыны, працаўніцы,

На лёс цяжкі ваш

можна й памаліцца,

На ім — нядолі

й мужнасці пячаць.

 

Не паспявалі

сохнуць вы ад поту,

Узорвалі пустэчы-дзірваны,

Не адыходзілі

ад кроснаў,

калаўроту,

Вычэсвалі з кудзелі каўтуны.

 

У працы не ўступалі

вы мужчынам,

Для вас быў адпачынак —

рэдкі госць.

І хоць вялікі свет

здаваўся клінам,

Вы бераглі жаноцкасць,

прыгажосць.

 

Жылі з нядоляй,

як з адзінаверцам,

І Бога ўспаміналі

ўсё часцей.

Галоўны скарб

выношвалі пад сэрцам —

Свае крывінкі родныя —

Дзяцей!

 

Вы днём на працы,

ноччу — ля калыскі,

Аб будучыні дбалі вы ў той час.

Ад нас, нашчадкаў,

вам паклон наш нізкі,

Рака жыцця цячэ

адтуль — ад вас.

 

Святая памяць —

часу непагаснасць,

Мы — парасткі,

вы — нашы карані.

Убачыць бы вам

свой працяг — сучаснасць,

Эх, зазірнуць бы вам

у нашы дні!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.