epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Сэнс жыцця

О, сэнс жыцця! Які кашуля-хлопец!

Я — дысертацыя, а ён — буквар.

Ён не падставіць ножку, і не ўтопіць,

Ён — паднявольны, я — яго ўладар.

 

Як гэта проста — пі ва ўсю паветра.

Глытай праменняў лекавы бальзам.

Грызі, смакчы, як качарыжку, нетры

І толькі помні: — «Адчыні, Сезам!»

 

Мы паўтараем шлях памылак генны

Прымаем гузакі дзядоў, бацькоў.

Ішлі гады, я біўся лбом у сцены

У цемры нечаканых тупікоў

 

Разьбу жыцця падправіць лёсу лерка.

Пыл з-за вушэй скразняк падзей садзьме.

На сэнс жыцця я глянуў праз люстэрка,

Якое новым падалося мне.

 

О, сэнс жыцця! Я да цябе з павагай!

Не я цябе, ты да мяне — на «ты».

Ты так пераканаўча хрысціш дзягай,

Так секанеш, ажно трашчаць парты.

 

Хто сёння я? Рэальны ці умоўны?

Сустрэне сэнс мяне ці абміне?

Сэнсоўны сёння я ці бессэнсоўны?

Вось сэнс жыцця: — Патрэбны я ці не?

 

Я паступова з думкай парадніўся,

Яна — святая соль жыцця майго:

Не, сэнс не ў тым, што хтосьці нарадзіўся,

А сэнс у найгалоўным: — Для чаго?!


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.