Пад сонцам вясеннім
заплакаў лядзяш,
Танчэе і тае —
якія тут гулі?
Вароны ўтварылі
на дрэвах кірмаш,
Гвалтуюць —
вясны набліжэнне адчулі.
Хоць снег,
як адбеленае палатно,
А неба паціху
блакіціць аблічча,
Нібыта за зімку
настыла яно
Й чакае цяпла,
і вясну ў госці кліча.
Праз месяц прачнецца
й зямелька ад сну.
І самае чэрствае сэрца адтае,
І ўславіць жаўрук
трапяткую вясну,
І з новаю сілай
жыццё забуяе.