epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Сяброўства

Воўк любіў сябраваць —

Ах, якая харошая рыса яго!

Ды ў сябры выбіраў ён не абы каго,

Ён такога любіў сябрука,

Хто слабей за Ваўка,

Хто збіраўся задаць драпака,

Ды не мог уцячы ад Ваўка.

Хтось спытацца гатовы:

— Ну а што тут благога?

Але ўсё ж ад сяброўства такога

У Ваўка, сярод меншых звяроў...

Стала мала,

Амаль што не стала сяброў.

Ён сяброў сваіх зводзіў «сяброўствам» на згуб,

А, дакладней, іх пробваў

На сяброўскі свой зуб.

Вось чаму сустракаў іх у лесе

Радзей і радзей.

І падаўся сяброўства шукаць да людзей,

Каб з сабакам, з авечкай, з цялём

«Сябраваць».

Але сам, як агнец,

Ён у пастку патрапіў —

Напаткаў свой бясслаўны канец.

_______

 

Прачытаеш такое і стыне аж кроў —

Хай бароніць нас Бог ад падобных сяброў.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.