epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Сяджу сабе на зэдліку

Вянец жыцця. На схіле год

Сум лезе ў галаву маю.

I я на зэдліку, як кот,

Сяджу сабе і думаю.

 

Агеньчык з грубкі грэе мне

Калені, цішу хатнюю.

А што ж, цікава, зазірне

У жыццё маё астатняе?

 

Я й сёння маладое сню,

Цалуюся на покуце.

Не саступлю жыцця лыжню,

Дарэмна не галёкайце!

 

Цяпер, калі крыху аслаб,

Узрушу патаемнае:

Я шмат паціскаў дзевак, баб,

Рабіў усім прыемнае.

 

Гарэлку піў. А хто не п’е?

Адкуль яна нахлынула?

А праз яе і ад яе

Сяброў нямала згінула.

 

Няўжо я толькі піў, гуляў?

Ды не! Што працы тычыцца,

Дык я з маленства працаваў,

А гэта ў нас не лічыцца.

 

Вось і сяджу я, нібы кот,

Як той прымак усватаны —

Праз дзіркі свеціцца жывот,

Кажух увесь залатаны.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.