epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Сямейны ачаг

Сумесную зорку

запальваюць двое,

Яна на сямейным

гарыць небасхіле.

Сямейны ачаг —

гэта нешта жывое,

Яго, як і зорку,—

два сэрцы стварылі.

 

Вякамі цяпло

гэтых палкіх стварэнняў

Святлу дазваляла

ноч-цемру адолець,

Давала жыццё —

як працяг пакаленняў,

І сілы вяртала,

як тайная споведзь.

 

Сямейны агмень —

неадольная сіла,

Ён сэрцам і лёсам

навек дараваўся...

А як жа іх многа

патухла, астыла,

Бо нехта раптоўна

адзін заставаўся

.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.