epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Сямёра казлянят і Воўк

Мама Каза, адыходзячы з дому, папярэдзіла сваіх дзетак-казляняткаў:

— Сядзіцце ціха. На стук у дзверы не адгукайцеся. Паляўнічы сезон пакуль не адкрыты, таму воўк у лесе настолькі разбасячыўся, што баішся свайго ценю. За дзверы — ні кроку! Зразумелі?

— Зразумелі! Зразумелі! — закрычалі ў адзін голас сем галасоў.

Ледзь толькі зачыніліся за маці дзверы, як самы дасціпны з сямёркі абвясціў:

— Ха! Будзем мы чакаць Ваўка! Калі ён прыйдзе? Мы самі пойдзем да яго!

Самы маленькі і самы баязлівы забляяў:

— Ты што-о-о?! Я баюся! Я жыць хачу!

— Ну і сядзі, Баязлівец, дома! Вось так і ўсё жыццё пражывеш тут, трасучыся — не будзе чаго ўспомніць.

Астатнія казляняткі не хацелі паказацца баязліўцамі, але і трапляць у зубы Ваўку таксама не адчувалі ахвоты.

— А, можа, лепш тут яго пачакаем? — прапанаваў нерашуча першы з вагаючыхся.

Другі вагаючыся дадаў:

— Дома і сцены дапамагаюць...

Трэці пацікавіўся:

— А чаго мы пойдзем да Ваўка?

— А таго! — рашуча адказаў Дасціпнік.

Адказ быў кароткі і незразумелы, але той, хто задаваў пытанне, зрабіў выгляд, што яму ўсё зразумела:

— Ну, калі «таго», дык я згодзен ісці.

Чацвёрты ўвогуле прамаўчаў, бо ведаў, што маўчанне — золата. Але пяты вагаючыся, відаць, самы разважлівы, прапанаваў:

— Патрэбен план!

— А план ёсць! — бадзёра даклаў Дасціпнік.— Без плана я б і рот не раскрываў... — падумаў і патлумачыў: — У нас у школе працуе гурток пачынаючых айбалітаўцаў. Я ў гэтым кружку ўдзельнічаю, таму маю белы халат і белы каптурок з чырвоным крыжыкам, як у сапраўдных дактароў. Вось я і прадстаўлюся Ваўку доктарам, а вы чакайце за дзвярыма маёй каманды. Як толькі я крыкну: «Сюды!» — вы заскоквайце з вяроўкай і вяжыце шэрага...

У гэты самы час у логаве Ваўка знаходзілася Ліса, якая прыйшла праведаць свайго кума.

— Дык вось,— працягвала яна гаворку,— ты пакуль, куманёк, з логава не надта вытыркайся. Хоць паляўнічы сезон і закрыты, але бракан’еры па лесе шастаюць. Я ледзь да цябе праскочыла.

— Дзякуй, кума, за параду! — адгукнуўся Воўк.— Правіянт пакуль ёсць — поўны халадзільнік. Ды ты ж ведаеш, што я ў асноўным на грыбкі ды ягады перайшоў — не той ужо ўзрост косці грызці. А, па-другое, люблю я бавіць час ля тэлевізара! Праўда, там — цьфу! — адны занудлівыя серыялы ідуць, каб не перадача «У свеце жывёл», дык хоць прападзі... Вось толькі шкада, не маю газеты з праграмай тэлеперадач на наступны тыдзень...

— Ну, дык бывай, кум! — і Ліса падалася дамоў.

Праз нейкі час хтосьці пастукаўся да Ваўка ў дзверы:

— Хто там? — насцярожана спытаўся ён.

— Доктар! — пачулася з-за дзвярэй.

— Доктар? — здзівіўся Воўк.— Я доктара не выклікаў. Я здаровы.

— У лесе эпідэмія! — зноў пачулася з-за дзвярэй.

Слова «эпідэмія» напалохала Ваўка. Ён адчыніў дзверы і ўбачыў перад сабой «доктара» ва ўсім белым, які спытаўся:

— А вы хіба не чулі, што ў лесе лютуе скразнячная ліхаманка? Адна яе бацыла збівае сто ваўкоў!

— Не... Не чуў... — разгубіўся Воўк.— І тэлевізар пра гэта маўчыць. Праўда, я гляджу толькі перадачу «У свеце жывёл»...

— А трэба глядзець перадачу «Здароўе»! — рашуча параіў «доктар».— Мы губляем дарэмна час, я зараз зраблю вам ратавальную прывіўку.

— Рабіце... Ці ж я вораг свайму здароўю?..— пакорліва падставіў спіну Воўк для ўколу.— А скажыце, доктар, адкуль яна ўзялася гэта скразняковая ліхаманка?

Дасціпнік, а гэта быў ён, дзелавіта адказаў:

— Скразнякі прынеслі яе, таму яна скразнячнай і завецца.

Затым дастаў з сумкі, дарэчы, таксама з чырвоным крыжыкам, шпрыц з санлівай ін’екцыяй, адцягнуў скуру на спіне Ваўка і зрабіў укол.

— Вой! — войкнуў Воўк.

«Доктар» супакоіў яго:

— Сядайце і кратайцеся. Як толькі адчуеце санлівасць, скажыце мне і я буду ведаць, што вакцына дзейнічае правільна.

Воўк паслухмяна сеў у крэсла, а «доктар» з надзеяй паглядаў на яго вочы, чакаючы засынання.

Але Дасціпнік не ведаў, што ў кружку пачынаючых айбалітаўцаў усе лекі, якія толькі там ёсць, несапраўдныя, а ўмоўныя, разлічаныя для навучальнага працэсу. Таму і на Ваўка яго ўкол ніяк не дзейнічаў.

А Воўк, утульна ўладкаваўшыся ў крэсле, адчуў натуральную санлівую млявасць і пачаў пазяхаць.

— Засынаеце? — удакладніў Дасціпнік.

— Так, доктар, нешта на сон пацягнула... — шырока пазяхнуў Воўк.— Вочы зліпаюцца.

— Сюды! — штосілы закрычаў Дасціпнік.

У логава заскочылі з вяроўкай пяцёра казлянят і пачалі абкручваць ёй Ваўку ногі.

— Ага! Папаўся! — пераможна крычаў Дасціпнік.— Гэта табе за песню пра рожкі ды ножкі!

Воўк ад нечаканасці разгубіўся, а затым адкінуў з сябе вяроўку і ўскочыў з крэсла.

— Дык вось які тут доктар! Ага, папалася, казлінае племя! Зараз я вас усіх лячыць буду па-свойму!

І ён...

Але ў доме мамы-Казы засталося самае малое казлянятка ды і самае баязлівае. Яно чакала, чакала сваіх братоў і адчула, што з імі здарылася штосьці благое, інакш яны даўно былі б дома.

Баязліўчык хадзіў яшчэ ў казляткін дзіцячы садок і меў сярод мноства сваіх цацак і дзіцячае паляўнічае ружжо, якім ён любіў пужаць сваіх братоў. Прыкладна так: «Піф! Паф!» Рожак у яго пакуль не было, а замест іх меліся невялічкія гурбячкі. Таму ён накінуў на галаву капялюш, нацягнуў яго на самыя вочы, прыклеіў вусы і ў ботах, каб схаваць капытцы, накіраваўся на пошукі адважных братоў. Стрэльбу ён, як і належыць, трымаў нагатове.

Калі ў свеце ўсе дарогі, кажуць, вядуць у Рым, дык у лесе яны з лёгкасцю прывядуць да логава Ваўка, бо вытаптаны вялізнымі лапамі гаспадара лесу.

Вось па такой вытаптанай дарозе Баяўліўчык і прыкрочыў да воўчага логава, дзе яго браты былі скручаны Ваўком іх жа вяроўкай.

Праз прыадчыненыя дзверы самае маленькае казлянятка ўбачыла ўвесь жах становішча, у якім апынуліся шукацелі прыгод.

Каб не даць страху авалодаць сабой, Баязлівец рашуча даўся ў дзверы, наставіў на Ваўка сваю стрэльбу і, як мага гучней, крыкнуў:

— Лапы ў верх!

Воўк імгненна ўскінуў лапы ўгару і затросся. Але, убачыўшы паляўнічага, запратэставаў:

— Не маеце права! Паляўнічы сезон яшчэ закрыты. Я буду скардзіцца!

— А я бракан’ер! — не разгубіўся Баязліўчык.— Мне законы не пісаны! Я ў любы момант магу зрабіць — Піф! Паф!

— Панапладзілася вас на маю галаву! — узвыў Воўк.— А яшчэ кажуць, што толькі я адзін хищник.

— Што-о-о? Дык вы, у дадатак да ўсяго, і мовы беларускай не ведаеце?!

— Не! Не! — замахаў лапамі Воўк.— Я не хищник, я — драпежнік! Па тэлебачанні ў асноўным расійскія каналы, вось я і заблытаўся... Ці ж магу я, жывучы ў беларускім лесе, не валодаць роднай мовай?

Астатнія шасцёра казлянят напружана назіралі за ўсім, што адбываецца. Хтосьці з іх жаласліва спытаўся:

— А бракан’еры казлянят чапаюць?

— Усіх яны чапаюць! — уставіў сваё Воўк.— Яны горш за ваўкоў...

Баязліўчык рашуча абарваў воўчыя развагі:

— Значыць так! Казлянят я канфіскую, а вас... — зірнуў ён з-пад капелюша на Ваўка.

— А са мной што? — спытаўся той.— Я, каб вы ведалі, казлянят не ем. Я перайшоў на грыбкі і ягады... Прашу гэта ўлічыць — я вегетарыянствую.

— А вас я пасаджу пад хатні арышт. Таму — казляняты, марш на двор!

Звязаныя ў адзін «снапок» казляняткі, дробненька заперабіралі нагамі, праціскаючыся праз дзверы на волю. Апошнім, не апускаючы стрэльбу, выйшаў сам «бракан’ер» і напаследак даў каманду гаспадару логава:

— Лапы можна апусціць! Сядзець ціха і назаўжды забыцца на тое, што на свеце ёсць казляняты. На першы раз я вам дарую! — бразнуў ён дзвярмі і падпёр іх калом.

Толькі цяпер Баязліўчык адчуў, як моцна трасуцца ў яго ад страху ногі.

— А з намі што будзе? — ледзь не ў адзін голас запыталіся звязаныя яго браты.

— А з вамі... — Баязліўчык адчапіў вусы і зняў капелюш.— З вамі я пайду дамоў, там, пэўна, мама зачакалася нас. Але спачатку я вас развяжу.

— Ура! — закрычалі былыя палонныя.— Вось дык Баязліўчык! Самога Ваўка напалохаў да кончыка яго хваста!

І сямёра шчаслівых казлянят весела зацягнулі песню: «На мне страшны шэры Воўк...» — і падаліся дамоў.

Праз хуткі час да логава Ваўка падшпацыравала Ліса і здзівілася, убачыўшы падпёртыя з двара дзверы.

— Ты дзе, шэры? — закрычала яна.— Далёка пайшоў?

— Тут я! Тут! — пачулася з логава.— Я пад хатнім арыштам. Адапры мяне!

Ліса адкінула кол і зайшла ў сярэдзіну.

— А я купіла табе газету з праграмай тэлеперадач і, думаю, абрадую цябе, а ты пад нейкім арыштам сядзіш. Адкуль ён узяўся? Што тут у маю адсутнасць здарылася?

— Ты, кума, праўду казала. Шастаюць па лесе бракан’еры — няма ад іх спасу. Аднаго нячыстая сіла занесла ажно ў маё логава... Казлянят у мяне канфіскаваў. У-у, драпежнік!..

А недзе ў лесе чулася вясёлая песенька: «Нам не страшны шэры Воўк!..»



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.