epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Сяннік

Маленства,

Галеча,

Ні крошкі у роце

Затое быў іншы

у кожнага шык —

У горы

І пасляваеннай бядноце

Быў нашай пярынай

звычайны сяннік.

 

Сушыліся травы

ад першага ўкосу

І пхнуліся ў сшыты

з тканіны матрац.

О колькі ў дзяцей

было радасці, форсу

Ў той час, як укладвала

мама нас спаць.

Ды сенам такім

напіхалі й наўлечкі —

Ад пахаў духмяных

заходзіўся нос.

З якой асалодай

мы лезлі ў запечкі,

Нібыта у лузе

на свежы пракос.

 

На ім шапацелі,

як мышы ў запечку,

На «лузе» запечным

качаліся мы.

Ды з часам

сціралася сена у сечку,

Губляла свой пах,

набывала камы.

 

Ды ну яе,

нашу сучасную моду —

Вунь колькі прыдумак

на нашым вяку.

Я й сёння б, як колісь,

паспаў з асалодай

На траўнадухмяным,

на тым сенніку.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.