epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Сярод продкаў і год

Пячаць майго смутку,

жыцця бліскавіца,

І шчасця імгненні —

не лепшы мой твор.

Жывеш —

І не можаш ніяк надзівіцца,

Як хутка пралог

нам насустрач імчыцца,

І ўжо недалёка —

драўляны убор.

 

Мінулае душыць

сучаснасць за горла,

А будучыня —

суне ў колы ражон.

І ўсё-ткі жыццё

Не прайшло,

Не памёрла,

Хоць быць ці не быць

час паставіў на кон.

 

І ўжо ў лабірынце

надзей неласкавых

Губляю кірункі

Дарог-безнадзёг.

І самі мяняюць

каней пераправы,

Якія, й мяняныя,

валяцца з ног.

 

У думках, у марах,

з нас кожны галёкаў

Мінулае клікаў,

як маці дзіця.

Куды ўсе дарогі вядуць?

Да вытокаў

Маленства,

Юнацтва,

Кахання,

Жыцця.

 

О родны мой кут,

ты на месцы пачэсным

Ў бязмежжы душы,

сярод продкаў і год.

Я тут, на Радзіме Малой,

Уваскрэсну

І вершам удзячным

адчую узлёт.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.