epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Секспрыгоды

Калі ўсё цікавае было гаворана-перагаворана, распавядальшчыкі сцішыліся, пераварваючы чутае. Хтосьці лянотна пазяхнуў.

Лявон, які сёння больш слухаў, чым языком «чухаў», нечакана для ўсіх прапанаваў:

— А што, калі ўзрушыць мінулае ды агучыць патаемнае!

— Што ты маеш на ўвазе? — пачулася пытанне.

— А тое, што цікава было б агучыць секспрыгоды кожнага з прысутных.

— Ці ж такое агучваюць? Гэта не па-мужчынску!

Антось падтрымаў Лявона:

— А чаму б і не! Жонак абмінаем — якія з імі прыгоды? Ажаніўся — і каюк! А пра іншых, не называючы прозвішчы, можна і паразважаць. Як, хлопцы?

Загаманілі мужыкі, ажывіліся. Было відаць, што ёсць пра што весці гамонку.

Хтосьці паддаў жару:

— Ці ж мы не рысакі! Секс дык секс! Пачулася прапанова:

— Вось ты, Лявон, узняў пытанне — і пачынай! Лявон кашлянуў, закурыў і пачаў:

— Сам напрасіўся, таму і не брыкаюся... Дык вось, які мне выпаў казус, калі я не быў яшчэ жанацікам, ды і на сур’ёзным прыцэле нікога не трымаў. Сёння — з адной, заўтра — з трэцяй. Потым паклаў вока на наступную (не называю прозвішча), і пачаў пасля бурнага старту дамагацца хуткага фінішу. Што вы думаеце? Яна аказалася слабахарактарнай і таксама прагнула рвануць хутчэй тую ж фінішную стужку.

Вечар быў цёплы, ласкавы. Я моцна прыціскаў яе да сваіх грудзей. Абодва напружаныя, узрушаныя, мы захлыналіся ўласным дыханнем, якое ў цішыні шугала, як полымя з паяльнай лямпы. І чым больш мы яго стрымлівалі, тым гучней яно шугала з нашых распаленых грудзей.

Мая рука набралася храбрасці і, як мне здавалася, непрыкметна пракладвала сабе дарогу ўсё ніжэй і бліжэй. Салодкія дрыжыкі бегалі па ўсім целе. І немагчыма было зразумець — мае гэта ўласныя дрыжыкі ці яе перакінуліся на мяне. І вось калі да запаветнага фінішу заставалася зусім нічога, яе нечаканы голас знішчыў напружаную цішыню:

— Зараз... нешта... будзе!

Гэтыя тры словы, дакладней, тры выбухі, былі настолькі акцэнтаваны, што, калі іх можна было б бачыць, яны нагадвалі б тры слупы сярод чорнай ночы, на якія натыкаецца мой лоб. Ад іх, гэтых знішчальных слоў, я і сам аслупянеў. Верыце ці не, у мяне нават вушы апусціліся.

Авалодаўшы сэнсам гэтых слоў, я ўжо нічым болей не хацеў валодаць. Я зарагатаў і з лёгкім пачуццём падаўся прэч. А фініш быў так блізка!

— І што табе замінала дайсці да таго фінішу? — пацікавіўся Трыфан.— Дурны!

— Калі ты не датумкаў, што тут да чаго, марная справа табе тлумачыць,— кінуў Лявон.

— Рыцар! Рамантык! Вушы ў яго апусціліся! — агрызнуўся Трыфан.

«Рысакі» прагнулі пачуць новыя прыгоды:

— Давай, Сымон, валі! — ціснулі з усіх бакоў на Сымона. Ты да дзевак у маладосці быў, як ніхто, ахвочы, кажуць, ажно млеў.

Сымон крыху збянтэжыўся:

— Мне, па праўдзе кажучы, асабліва няма з чым вытыркацца... Быў адзін выпадак...

Хтосьці ўдакладніў:

— Выпадак ці прыпадак?

Сымон ерзануў на лаўцы, не звяртаючы ўвагі на колкасць:

— Мне ў той час вельмі падабалася адна дзяўчына. Дакладней, не дзяўчына, а маладая разведзеная прыгажуня (прозвішча таксама не буду агучваць).

— Ха! — пачулася збоку.— Можаш не называць, без цябе здагадаліся!

Сымон зноў нервова ерзануў па беднай лаўцы:

— Дык вось, аднаго разу абставіны лёсу зафарцілі і перакрыжавалі нашы шляхі цёмнай ноччу.

— Во-ой, якая сустрэча! — заспявала цемра яе голасам проста мне ў твар.— А я ўжо думала, што ты апошні баязлівец і кінешся на ўцёкі.

— Дык гэта выпадкова... — мармытаў я, п’янеючы ад водару яе валасоў і адчуваючы ў цемры нахабны гіпноз яе вачэй. Галава мая закалаўроціла, што тое чортава кола.

— Выпадкова?! Ах ты хітруньчык-баязліўчык! Хадзі бліжэй, паслухай, як тахкае маё сэрца!

У мяне самога сэрца тарабаніла, як трактар пасля капрамонту.

— Бліжэй, смялей, блазнючок! — і яна сваёй рукой абхапіла маю шыю і прыціснула шчаку да сваіх грудзей.— Слухай! Гэта ты маё сэрца так каламуціш! Чуеш?

Мая шчака адчула яе гарачыя, пульхныя грудзі і... далей я нічога не памятаю, бо абеспрытомнеў і бухнуўся на зямлю, як падсечаны. Ці было ў нас што, ці не — не ведаю. Апрытомнеў — вакол ноч, цемра, толькі совы галёкаюць... вось і ўвесь выпадак, няма чаго слухаць,— выдыхнуў Сымон.

Мужчыны кісла скрывіліся, расчаравана пераглянуліся.

Хтосьці кінуў кпіну:

— Каб усе былі такія падучыя, адкуль бы дзеці ўзяліся? Усе павярнуліся да Васіля:

— Давай, Васіль, ты! Забялі гэтую посную гаворку чымсьці заліхвацкім! Пазасынаем тут з такім сексам!

Васіль ціскануў плячыма:

— Забяліць не забялю, а падсаліць паспрабую... Усе вы добра памятаеце той час, калі мы, маладыя, збіраліся кожны вечар то ў адной, то ў другой хаце, каб павыскаляцца ды пазабавіцца рознымі гулямі.

Вось у адзін такі вечар сядзелі мы шчыльна за сталом, перакідваючыся картамі ды жартамі. І здарылася так, што ля мяне села Раінчыкава Тома, апетытная, як вішанька, не падзёўбаная птушкамі. А мода ў той час на сукенкі была кароткая — міні. Вось яе прыгожанькія ножанькі і перавярнулі з ног на галаву ўсю маю ўнутраную культуру.

Хтосьці з слухачоў запярэчыў:

— Мы ж дамовіліся не агучваць прозвішчы!

Васіль усіх супакоіў:

— Гэта якраз той выпадак, калі агучванне не пашкодзіць... Дык вось, адно маё вока сочыць за падзеямі на стале, а другое прыклеілася да Томчыных ног. Ай, думаю, была-небыла — рызыкну! Апусціў я непрыкметна руку пад стол і, не дыхаючы ад хвалявання, узяўся за яе нагу. Узяўся і быў прыемна ўражаны — скура гладкая, прыемная — век бы, здаецца, трымаўся. Але больш здзівіўся ад таго, што прыгажуня зрабіла выгляд, быццам нічога не здарылася — смяецца ды жартуе з усімі. Скасавурыўся на яе — нават не пачырванела! Вось дык Томка! А прыкідвалася святой ды недаткнентай. Я пасмялеў і накіраваў сваю даланю вышэй. Яна зноў — нуль падсечкі! Раз так, думаю, палезем вышэй! Толькі я сабраўся зрабіць марш-кідок, ажно мая суседка ўстала з-за стала і пайшла напіцца вады.

Што за чорт?! Яна пайшла, а я ж трымаюся за яе нагу!

Хтосьці зубаскаліў:

— Ты, пэўна, сваю сухапарую нагу гладзіў!

Васіль горка ўсміхнуўся:

— Каб жа так! А то горай!.. Зірнуў я пад стол і ледзь не самлеў — трымаюся за ножку стала. Яе я і гладзіў...

— Калі ўжо пачалі пра ногі,— страпянуўся Антось,— дык і я аб іх балюча спатыкнуўся! Слухайце! Сядзелі мы некалі з Галяй Нехайчыхай у райцэнтры на прыпынку і чакалі аўтобуса ў наш бок. Прабачце, што і я агучваю мамзель, але, акрамя хітрасці і яе шальмоўства, нічога не будзе. Дык вось, сядзім мы, чакаем аўтобуса. А на ёй — тое ж здрадніцкае міні, якое моцна непакоіла нашага брата. На прыпынку, акрамя нас, нікога — таму я не толькі ў адкрытую, на ўсе вочы прымаў міні-тэрапію, але яшчэ і ўголас захапляўся:

— Ножанькі ў цябе, Галіначка, такія спраўныя, нібы іх адшліфаваў токар шостага разраду! А ці магла б ты хоць крышачку вышай цягануць сваю сукеначку? Навошта ж хаваць прыгажосць, створаную Богам?

Галя хмыкнула:

— Ты ж казаў, што гэту прыгажосць стварыў токар шостага разраду.

— Гэта я дзеля вобразнасці токара прышпіліў... Дык цягані сукеначку, хоць на сантыметрык! Га?

Гэта маладая шэльма какетліва хіхікнула:

— Чаму ж не! Вось побач крама — купі мне сто грам самых дарагіх цукерак, выканаю тваё жаданне.

Я — маланкай у краму, і праз некалькі хвілін працягваю ёй кулёчак з «Чырвоным каптурком». Яна ўзяла кулёчак:

— Ну, не болей, як на адзін сантыметр.

Я зірнуў на «заваяваныя пазіцыі» і не мог стрымаць свайго незадавальнення:

— Што гэты сантыметрык! Нічога ж не змянілася! А яшчэ хоць пару сантыметраў можаш мне саступіць?

— Чаму ж не! Магу! — адказала шэльма.— Нясі яшчэ дзвесце грам цукерак і будзе па-твойму.

Праз некалькі хвілін я зноў урачыста ўручыў ёй большы кулёк з цукеркамі. Але і новы «адваяваны бастыён» падаўся мне мізэрным. Я пракруціў у мазгах свае фінансавыя магчымасці і сумна адзначыў: не з маім капіталам ісці на прыступ такіх цытадэляў. Уздыхнуў я і адвярнуўся — нават замілоўвацца «вырабамі токара» расхацелася.

Яна заўважыла маю абыякавасць, рассмакавала цукеркі і сама праявіла ініцыятыву:

— Нерызыкоўны ты хлопец, Атоська! Што ты ўсё — то сантыметр, то два! А хочаш я табе пакажу, дзе мне апендыцыт выразалі?

У мяне палезлі вочы на лоб ад нечаканасці. Я, як уявіў, што мне давядзецца ўбачыць, ледзь не грымнуўся аб зямлю.

— Хачу! — ажно крыкнуў я.— Няўжо пакажаш?! Яна спакойна заключыла:

— Кіло «Мішкі клышаногага»! Слабо? Ці грошай шкада? Га?

— Ды ліха іх бяры, тыя грошы! — падскочыў я і кінуўся ў краму.

Перадаючы ёй увесісты куль з цукеркамі, я зноў ледзь не крыкнуў:

— Паказвай!

Яна спакойна ўзяла цукеркі і адхіліла мяне вольнай рукой:

— Адхініся, бо замінаеш.

Я разгублена адышоў у бок, а яна торкнула пальцам праз вуліцу:

— Ву-унь, у той бальніцы, мне выразалі апендыкс.

Я машынальна крутнуў галаву ў той бок:

— Навошта мне твая бальніца? Ты ж абяцала...

Яна смехам перапыніла мяне:

— Я абяцала што? Што пакажу табе, дзе мне выразалі апендыцыт. Я і паказваю. Што яшчэ?

Тут я зразумеў усю яе хітрасць і толькі сабраўся сказаць ёй пару ласкавых, як падышоў аўтобус і мы селі ў ім на розных сядзеннях. Я ўсю дарогу кіпеў ад злосці, яна — увесь час дрызгала мае цукеркі...

— Ну вы і цыркачы! — ускочыў Генадзь.— Ад вашых баек заснеш — ні смеху, ні грэху! Я вам зараз такое адчыбучу, што іскры з штаноў пасыпяцца, да жонак будзеце бегчы, спатыкаючыся! Слухайце!

— І я паслухаю! — пачуўся за Генадзевай спінай жаночы голас. Усе здрыгануліся ад нечаканасці, бо ў азарце не заўважылі, як да нас падышла Генадзева жонка.— Ну, што там у цябе было? Чыбуч!

Генадзь збянтэжыўся:

— Кранты, хлопцы! Ні смеху, ні грэху, ні іскраў, ні полымя сёння не будзе!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 4. Аповесці. Апавяданні. Замалёўкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 535 с.