epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Сіло

Бог справядлівы, а дзеліць няроўна —

Дзе недацісне, а дзе перагне.

У некаторых — паўнюсенька-поўна,

У некаторых — ледзь бачна на дне.

 

Можа, таму хтосьці мусіць украсці,

Што не ўратуе ад торбы мазоль?

І хоць яно не ў грашах, наша шчасце,

Ды і без іх мы — як голы кароль.

 

Што тут казаць? Так было, так і будзе,

Нехта — у пекла, а хтосьці — у рай.

Побач з бяднотай — заможныя людзі,

Гоцкія з тых, у каго — цераз край.

 

Што ім спрыяе? Адкуль што бярэцца?

Кажуць цяпер пра такіх — круцізна!

Тут нават чорт не заўжды разбярэцца:

Праўда ў цане ці на хітрасць цана.

 

He шыканеш на рубель свой працоўны,

Будзеш скарынку вадой запіваць.

Гоцкіх жыццё працякала шыкоўна,

Ён выскаляўся: — Люблю хіпаваць!

 

Ён і каньяк каньяком запівае,

Ён і на мяса каўбаску кладзе,

Ён — камерсант (так сябе называе),

Дзе ён, адкуль капітал здабывае?

Можа, і вудзіць у мутнай вадзе...

 

Нават каб елі з уласнай кладоўкі,

Побач з абноўкамі — дробязь сталы.

Жонка, як лялька,— абноўкі, абноўкі,

Паначапляла на пальцы «брылы».

 

Самі сабе паддавалі ахвоты

Жонка і муж, як «прадай і купі»,—

Мэбля, шмаццё, «мерседэс-шасцісоты»,

Еш у тры горлы, у тры горлы пі.

 

Быццам не грошы для Гоцкіх, а смецце,

Што пад нагамі ляжыць на зямлі.

Сыну свайму, да яго паўналецця

Цацку купілі яны — «Жыгулі».

 

Бацька натхняў: — Самастойным будзь, Рома,

Хочаш, направа, налева круці!..

Ён і да гэтага мала быў дома,

Сцежкай сваёю ішоў па жыцці.

 

Гнуўся й дагэтуль, як тонкае дрэва,

Кволыя ў глебу карэнні пусціў.

Ну а з машынай круціць стаў налева,

Нават нярэдка начамі круціў.

 

Вольнаму — воля, а гэтаму «вольна»

Часта высокая кара-цана...

Сына ад Гоцкіх закрылі няўмольна

Грошы, нажыва — нібыта сцяна.

 

*

Востра ўспрымаюць юнацкія душы

Зло і дабро, нелюбоў і любоў...

Рому з маленства намулілі вушы

Спрэчкі грашовыя — спрэчкі бацькоў.

 

«Долары», «баксы» — і гэтак праз слова,

Сквапныя мары услых пра мільён.

Рому надзейна, штодня, паступова

Грошы няволілі, бралі ў палон.

 

Бацька даваў на кішэнныя траты,

Рому ж наведвала крыўды сляза:

— Колькі я буду залежаць ад таты?

Гэта не грошы — луска, драбяза...

 

Грошай хоць многа, а болей ахвота,

Рома прыкідваў: — Падацца куды?..

Кажуць, свіння адшукае балота

Там, дзе і кроплі не знойдзеш вады.

 

*

Ноччу машыны — ля кожнага дома,

«Вольвы», «таёты», карчы «Жыгулі»...

Хлопцы-падлеткі, а з імі і Рома

Дзёрлі з машын тых усё, што маглі.

 

Фары адкручвалі, колы здымалі,

Магнітафоны, люстэркі, чахлы.

Потым каштоўныя аўтадэталі

На перапродаж ішлі з-пад палы.

 

Ну, а калі ўжо Раман абзавёўся

З бацькавай ласкі сваім «жыгулём»,

Ён да нажывы, як кажуць, не плёўся,

З форсам ганяўся за доўгім рублём.

 

Ён не баяўся бацькоўскае звягі,

Хлопцаў развозіў прасейваць двары.

Ён ажно ззяў ад сяброўскай павагі.

Ён стаў галоўным — прызналі сябры.

 

*

Рома прачнуўся, зяхаючы сонна,

Надта настырна званіў тэлефон.

Ён пачамехаўся ля тэлефона,

Трубку падняў — і адкінула сон.

 

Сэрца затахкала, сэрца заныла,

Ён разгубіўся, стаяў ледзь жывы.

Гэта ж званіў знакаміты «Гарыла» —

Гонар і зайздрасць усёй пацанвы.

 

Рома прыйшоў у сябе праз хвілінку,

Страх і разгубленасць гонар змяніў:

— Волат заўважыў, знайшоў парушынку!..—

Рома надзьмуўся — усё ацаніў.

 

Голас у трубцы гучаў мілагучна,

Нават з павагай — не голас, а мёд:

— Трэба спаткацца, Раман... Калі зручна,

To праз гадзіну... кафэ «Карагод»...

 

Трубку паклаўшы, Раман цераз сілу

Думкі збіраў, у здагадках блукаў:

Ён хоць завочна, а ведаў Гарылу,

Як жа Гарыла яго адшукаў?

 

Вось дык загадкавасць. Вось азадачыў.

Быццам дзівосны працягваўся сон,

Рому ж Гарыла і вокам не бачыў,

Дзе, праз каго адшукаў тэлефон?

 

Ды і не сябар ён, не аднагодак,

Сталы мужчына, прайшоў праз агні.

Ён у мінулым зрабіў многа «ходак»,

Выйшаў на волю — цяпер «на кані».

 

Ён, як казаў, не сумуе па «зоне».

— Хопіць! Паставіў паўвека на кон!

Перакаваўся! Жыву па законе!..

(Хто для яго напісаў той закон?)

 

Жыў па законе ці не, а шыкоўна,

У рэстаранах абноўкі «мачыў»,

Меў і адзенне, і «опель» каштоўны

Ды і капейкі, відаць, не лічыў.

 

Жыў у «мільтонаў» пад носам, пад вокам,

І не дало спатыкнуцца яму,

Бо і яны абыходзілі бокам

Гульні яго — невядома чаму.

 

І да такога вось аўтарытэта

Рома ішоў: — Ці не сню гэта я?!

...Кожнага вабяць і мара, і мэта,

Толькі у кожнага мэта свая.

 

*

Рому сустрэла ў кафэ «знакамітасць»

Ветліва, шчыра: — Наш столік вунь там...

Кінь чырванець, пагаворым адкрыта,

Будзем сябрамі!..

Шампанскага нам!

 

Цяжка Раман пераадольваў ваганні:

— He разумею, адкуль вы знайшлі...

— Вып’ем шампанскага! Кінь ты пытанні,

Чуткі між намі жывуць на зямлі...

 

— Чуткі? Якія? — Раман схамянуўся.

— Зноў ты пытанні! Цікаўнік які! —

Раптам Гарыла да Ромы нагнуўся:

— Мы — як дзве кроплі. Браты. Сваякі.

 

Эх, маладосць! Вам бы з лёгенькай ношай,

Ды па сухому ісці, ды бліжэй!

Прагнеш раскошы, хочацца грошай —

Рызыка трэба і ноша цяжэй!

 

Рома хацеў штосьці выдыхнуць з жарам,

Ды з субяседніка пёр маналог:

— Трэба прастора, каб здзейсніцца марам,

Ты ж драбязішся, збіваешся з ног.

 

— Гэта ж «навар»!

— Кінь ты! — хмыкнуў «настаўнік».—

Гэтак і практыку можна згубіць!

Гэткі навар, што рассохнецца страўнік,

Трэба сапраўдную справу рабіць!

 

— Дзе яе знойдзеш? — паскардзіўся Рома.

Сумна Гарыла кіўнуў галавой:

— Мне-то адна, скажам, фірма знаёма,

Можна пагутарыць — кораш там свой...

 

Рома падскочыў: — На ўсё я гатовы,

Толькі б падвоіць навару памер!

Зрушыў Гарыла пакутліва бровы:

— Ох, як нялёгка даецца давер...

 

— Я паўтараю: гатовы на ўсё я!

Бровы Гарылавы зноў павяло:

— Што ж, памажы нам зрабіць сёе-тое...

Рома нябачна трапляў у сіло.

 

— Хутка з табой кампаньёнамі будзем...

Рому ад гонару кінула ў жар.

— Горы пазрушваем, столькі навудзім,

Ты і не сніў пра сапраўдны навар...

 

Словы п’янілі, як водар салодкі,

Хітры Гарыла ў душу хлопцу лез:

— Чуў я, Раман, што багатыя продкі

Маюць між іншага і «мерседэс».

 

— Маюць! — Раман аж заззяў, як люстэрка.

Шыкнуў Гарыла: — Цішэй ты! Цішэй!

Вось і заданне табе, і праверка:

Зробіш мне ціхенька злепкі ключэй.

 

Потым, з ключамі — усё як па масле,

Раз — і гатова. Машына — у нас!

Ззянне Раманава раптам прыгасла:

— Я не магу зразумець нешта вас...

 

Будзеце красці машыну? У таты?!.

Хмыкнуў Гарыла: — Ды выплюнь ты жах!

Бацька твой выжыве! Бацька — багаты!

Купіць другую, а мы — пры грашах.

 

Ты ж паглядзі — у цябе «жыгулёнак»,

Мне нават сорамна — зменіш «каня»,

На іншамарках амаль што з пялёнак

Носіцца розная зелень-фігня.

 

Ды і прыкінь — гэта ж першая спроба,

Потым — ляжы на лаўровых вянках!

Будзеш, як я,— незалежнасць, асоба!

Ну, кампаньён, па руках?..

— Па руках!

 

*

Гоцкі схапіў тэлефон, як шалёны:

— Гэта 02? Памажыце! Ало!

Мой «мерседэс»!.. Нумар? Колер? Зялёны!..

Дома... Абедаў... З гадзіну прайшло...

 

Моўчкі стаяла разгублена жонка.

Гоцкі крутнуўся, са стогнам зароў:

— Панапладзілі падонкі падонкаў!

Вешаць бы вырадкаў! П’юць нашу кроў!..

 

Гоцкі-старэйшы крычаў, хоць і змогся,

Гоцкі-малодшы «не чуў» гэты крык,

Ён уключыў тэлевізар, улёгся...

Чуліся стрэлы, ішоў баявік...

 

*

Сумна, балюча —

і ўсё гэта брыдка,

Вірус глыбока

пусціў карані.

З дзённіка выкрэслі «двойкі»,

са сшытка —

Вучань не паразумнее. Ні-ні!

 

Правіць душу —

далікатная праца,

Душы ж падлеткаў —

як сонечны верш.

Часу каноны

не хочуць мяняцца,

Трэба мяняцца —

грамадству найперш.

2000


2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.