epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Сёмы том

Для кожнага творца

даўно не сакрэт —

Задуманы вынік

вянчае работу.

Каб значнае штосьці

пабачыла свет,

Спрадвеку працуюць

да сёмага поту.

 

Я сэрцам збалелым,

я лёсам пішу

Аб часе, аб свеце,

аб шчасці, аб горы.

Я ў сёмы свой том

укладаю душу

Да кроплі, як і

ў папярэднія творы.

 

Свядома

Адвечным натхненнем заву

Ўлюбёную ў творчасць

душу-парадзіху.

Адказна,

Да сёмага поту жыву,

І буду пісаць

да апошняга ўздыху.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.