epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Сіроцкі дом

Дзіцячы дом — для дзетак родны самы,

Святло ў сіроцтва горкага акне.

І ўсё-такі ён не заменіць мамы,

Пяшчотна да грудзей не прыхіне.

 

У марах можна лётаць на Жар-птушках,

Нясуць якія у бацькоўскі дом.

Рэальнасць жа — ў дзетдомаўскіх падушках

Прасуецца слязьмі ў салёны ком.

 

Падушкі чуюць скаргі ўсе дзіцяці,

І будуць чуць іх да канца жыцця...

Калі дзіця расце ў далонях маці,

Тады толькі завуць дзіця — дзіця.

 

А тут — дзетдомаўцы...

Гучыць прысудна,

А тут — сіроцкі дом, як ні круці.

І як жа мы такіх дамоў паўсюдна,

Бяздушна напладзілі у жыцці?



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.