epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Скарб чалавецтва

Іду ў бібліятэку,

нібы ў Храм,

Які і праз вякі

не стане рэтра.

Тут творчасці

асобае паветра —

Духоўнасці адвечнай

Фіміям.

 

Бібліятэкі з намі

Па жыцці —

Ад самага маленства,

з малалецтва.

І гэты скарб

ратуе чалавецтва

І не дае яму

ў тупік ісці.

 

Чым больш чытаюць кніг,

тым меней бед,

І менш трагедый

стане на планеце.

Паклон табе,

бібліятэчны свет,

І ўсім, хто прысвяціў

жыццё асвеце!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.