epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Складана пець хвалу

Бог, мудрасцей палата!

Спытацца мне ў каго —

Нашто забраў ты брата,

Апошняга майго?

 

Ці ж ён у чым свалачыў

На працягý жыцця?

Ці ж ты аслеп, не бачыў,

Што ён душой — дзіця?

 

Жыццё з капейкі ладзіў,

Не прасыхаў ад спраў,

Нікога не абразіў,

Нічога не украў.

 

Усяк яму жылося,

(Ты, Бог, праспаў, відаць)

А колькі давялося

Яму пагаладаць.

 

Прыветлівы, на дзіва,

Між жорсткасцей падзей

Ён жыў дабразычліва

Да ўсіх!

Да ўсіх людзей.

 

Піў з творчае крыніцы,

Каб сэрца наталіць.

Жыццю бы павучыцца

У яго сумленна жыць.

 

Ў сям’і ён самы першы

Духоўнасць гадаваў —

Ўзносіў іншых вершы

І ўжо свае складаў.

 

Такі разбег жыццёвы...

І ты спрыяў яму.

Ды твой прысуд суровы

Спыніў яго. Чаму?

 

Спыніў яго зарана

Ты, саступіўшы злу.

Мне, Бог, цяпер складана

Спяваць табе хвалу.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.