epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Складаны чалавек

Сказаў — адрэзаў,

Напісаў — адсек,

І чорнае не называю белым.

Для многіх я — складаны чалавек,

Для «нескладаных» я — незразумелы.

 

І што рабіць?

Сам па сабе жыву,

Душы каноны — для душы законы.

Жыву і не схіляю галаву

Пад ціскам штучна створанай іконы.

 

Мой верш вышэй за ўсіх гаспадароў,

Якім паўсюдна марыцца быць першым.

Ці не таму так мала ёсць сяброў,

Якія стануць побач з гэтым вершам?



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.