epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Сляды

Год-два, магчыма... і жыццё міне,

Зачыніцца над ім зямля сырая.

І змые час з гісторыі мяне,

Як на пяску прыбой сляды змывае.

 

Пакіне хтосьці новыя сляды,

І зноў іх спраўна зліжа хваля часу.

Ад гэтага не дзецца нікуды,

Хоць крыўдна за недаўгавечнасць нашу.

 

А чалавецтва ўсё ж ідзе туды,

Насустрач часу, хвалям — без спынення.

І пакідае за сабой сляды,

На жаль, не толькі мірнага стварэння.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.