epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Следчы эксперымент

Генадзь Вітальевіч Гаркун адагрэўся пад сонейкам ля цёплага мора, умацаваў нервы санаторным рэжымам, паправіў здароўе аздараўленчымі працэдурамі і вымушаны быў вярнуцца дамоў, бо адпачынак скончыўся.

І вось ён раніцай, пасвяжэлы і бадзёры, кіруецца на працу, па якой, як цяпер адчуў, засумаваў. Ён з хваляваннем чакаў сустрэчы з падначаленымі і асабліва са сваім утульным кабінетам, у якім ён прывык кіраваць і дзе можна было і «глынуць», і прыдрамнуць.

Падняўшыся ў ліфце на свой паверх, Генадзь Вітальевіч з задавальненнем адзначыў: у яго адсутнасць тут зроблены няхай сабе і касметычны, але рамонт. Кідаўся ў вочы прыемны светлы колер сцен і ўрачысты бляск палакіраванай падлогі.

«Малайцы! — падумаў Гаркун.— Сёння на лятучцы так і адзначу!»

Ён, штосьці напяваючы, пакіраваўся калідорам да дзвярэй, на якіх лашчыла сэрца кідкая шыльда з усяго адным словам «ПРЫЁМНАЯ».

Генадзь Вітальевіч ужо быў узяўся за дзвярную ручку, калі побач з дзвярмі, даволі высока на чысцюткай сцяне, заўважыў чорны адбітак падэшвы. Адбітак зеўраў чорнай плямай, псуючы і агульны выгляд паслярамонтнага калідора, і светлы пасляадпачынкавы настрой начальніка.

— Гэта ж не інакш як хтосьці спецыяльна задзёр нагу так высока і ляснуў падэшвай па сцяне! — абурыўся ўголас Гаркун.

Тут ён убачыў у канцы калідора, ля акна, некалькі мужчын ці хлопцаў, відаць, наведвальнікаў, якія чакалі пачатку працоўнага дня, каб звярнуцца з нейкімі сваімі справамі.

«Не інакш як яны напэцкалі на сцяне, марнуючы тут час!» — падумаў Гаркун і гукнуў:

— Падыдзіце сюды, хлопцы!

Хлопцы паслухмяна падышлі.

Гаркун паказаў на сцяну і строга спытаўся:

— Ваша работа?

— Што вы? Як можна? Не! — хорам адмовіліся яны.

— Так я вам і паверыў! — выказаў недавер Гаркун.— Зараз праверым! Вы ў мяне не адкруціцеся —аплоціце ўвесь рамонт!

— Ды няма нам ад чаго адкручвацца! — запэўніў адзін з падазраваных.

— Вось з цябе і пачнем! — парнуў пальцам у грудзі гэтаму хлопцу Генадзь Вітальевіч.— Ану, прыкладзіся сваім абуткам да сцяны побач з гэтым следам!

Хлопец аднекваўся:

— Ды я так высока не задзяру нагу! У мяне штаны-дудачкі.

Гаркун настойваў:

— Следчы эксперымент пакажа, ты гэта ці не! Не затрымлівай і мяне, і сваіх таварышаў!

Хлопец паціснуў плячамі, адышоўся для разгону да працілеглай сцяны, падскочыў і з усёй сілы прыпячатаў падэшву свайго абутку побач з «узорным» адбіткам.

— Ну? А казаў, «штаны-дудачкі»! — не ўтрымаўся Генадзь Вітальевіч. Затым уважліва агледзеў і параўнаў два адбіткі: — Не... Здаецца, не той след. Тут пратэктар у клетачку, а ў цябе — у елачку... Ты можаш быць свабодны, няхай зараз скача наступны. Я вас выведу на чыстую ваду!..

Праз хвілін 10—15 Гаркун усё ж дапяў: сярод гэтых наведвальнікаў зламысніка няма. Відаць, нехта раней пакінуў след на свежапабеленай сцяне і бясследна знік.

Пасля гэтага эксперыменту сцяна зрабілася стракатай, як далмацінец, але якая гэта дробязь у параўнанні з пошукам ісціны!

Генадзь Вітальевіч з выглядам чалавека, які зрабіў важную справу, шырока і рашуча расчыніў дзверы з любай яго сэрцу шыльдай і накіраваўся ў свой утульны кабінет, перакананы ў неабходнасці працягнуць следчы эксперымент са сваімі падначаленымі. Няхай сабе гэта змарнуе працоўны час — ісціна даражэй!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.