epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Следства і прычыны

Хачу я прагна зразумець,

пакуль жыву,

Ўзаемасувязь вечных

следства і прычыны —

А што ж трымае

чалавека на плаву

У час адчаю,

ў безнадзейныя гадзіны?

 

У час, калі

усе магчымасці свае,

Здаецца, выкарыстаў ён

і выжыць цяжка?

Што паднімае дух

і сілы надае,

Што альбо хто тады

ратуе ад фіяска?

 

Шкада, магчыма,

незавершанасці спраў?

Ці, можа, цяжкасцяў

паслабленасць і літасць?

Магчыма, кліча

недагуленасць забаў —

Недапрыгодніцтва начное,

недапітасць.

 

Сабой мацуе нас

да бліжняга любоў,

Падтрымка бліжніх

размінае нас з адчаем.

Мы выжываем

дзеля родных і сяброў,

І нашым ворагам назло

мы выжываем.

 

І чалавек

«Нясе высока» галаву,

Не зверне з ім жа

выбранай дарогі.

І чалавек

Заўсёды будзе на плаву

Той, хто глядзіць

наперад, не пад ногі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.