epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Шлюб па разліку

Сцяпан даслужваў у арміі апошні год.

Заставаліся лічаныя месяцы. Вялікіх планаў на будучыню не будаваў, але прыкідваў, дзе і як уладкаваць далейшае жыццё.

Вёска — гэта добра. Бацькі — гэта святое. Але не дужа вабіла давайсковае жыццё пры бацьках у вёсцы.

Праўда, шафёр і ў вёсцы — не апошні чалавек, ды і, апроч бацькоў, чакала там яго дзяўчына Галіна. Ва ўсякім выпадку, у пісьмах, запэўнівала Сцяпана ў гэтым.

Так атрымалася, што начальнік штаба палку, у якім служыў Сцяпан, палкоўнік Гапонаў купіў сабе ГАЗ-21 — «Волгу».

«Волгі» ў той час былі амаль недасягальныя для працоўнага чалавека сваім высокім коштам. На іх маглі «замахнуцца» толькі людзі высокага дастатку.

Вось гэты Гапонаў, маючы грошы, «Волгу» купіць купіў, а кіраваць пакуль ёй няўмеў — не было шафёрскіх правоў.

А ў выхадныя дні хочацца ж выехаць з сям’ёй за горад на адпачынак, ды шыкануць перад іншымі. А як гэта зрабіць? Цацка ёсць, а гуляць з ёй нельга.

І Гапонаў знайшоў часовае выйсце. Ён, на правах начальніка, пачаў браць з палку салдат-шафёраў, якіх садзіў за руль «Волгі» і гэткім чынам каціў то ў лес, то да рэчкі.

У такой справе пажадана, каб шафёр быў не толькі прафесіяналам, але і ўвогуле прыемным чалавекам, як для гаспадара «Волгі», так і для сям’і.

Пэўна, папярэднікі Сцяпана не задавальнялі Гапонава сваёй «прыемнасцю», бо ён нарэшце, у адзін з выхадных пасадзіў за руль сваёй «цацкі» Сцяпана.

Не сказаць, што хлопец узрадваўся такому дарунку. Выхадны дзень, для салдата — вольны дзень ад плацу, ад заняткаў. У такі дзень, хоць не кожнаму, а па чарзе даюць звальненне ў горад, а тут...

Але хоцькі-няхоцькі, а ехаць Сцяпан мусіў. Сям’я у Гапонава была невялікая, сучасная — ён, жонка і дачка Наталля. Была і маленькая сучачка-пакаёвачка, невядомай Сцяпану пароды.

Салдату што? Прывёз каго загадаюць і — адыдзі. Не мог жа ён сесці побач з палкоўнікам і яго сям’ёй ля разасланага абруса, закладзенага рознымі прысмакамі ды застаўленага бутэлькамі.

Таму Сцяпан, разумеючы гэта, сціпла адыходзіў далей ад адпачывальшчыкаў і паволі прагульваўся па недалёкім наваколлі — «забіваў» час. Праўда, перад тым, як ён адыходзіў, яму тыцкалі ў рукі нейкі бутэрброд — ведай нашых.

Другім разам Сцяпану тыцнулі не толькі бутэрброд, а і іх дачку Наталлю.

— Што ты, дачушка будзеш тут сядзець з намі старымі? Падыхай вольным паветрам, і Сцяпану будзе весялей, і табе карысна.

За Наталляй увязалася і сучачка Мапсюлька.

Сцяпан быў незадаволены, але не падаваў выгляду — гэта ж высокага начальніка дачка. Аднаму яму праміналася больш вольна — думаў пра што хацеў, штосьці напаўголасу напяваў, марыў. А тут трэба быць не самім сабой, а няведама кім.

Сцяпан нават горка падумаў: «Каго я выгульваю — Наталлю ці Мапсюльку?»

Размова не клеілася — вядома ж, толькі другі раз у жыцці бачаць адно аднаго.

Трэба адзначыць, што Наталля была дзяўчына даволі сціплая, нават сарамлівая, і гэта таксама перашкаджала больш цеснаму знаёмству. Як вы ўжо здагадаліся, дзяўчына не была прыгажуняй, інакш Сцяпана не нудзіла б яго часова спадарожніца, а наадварот. Яна была крыху залішне «ў целе», выглядала рыхлай і, для свайго маладога ўзросту, пераспелай.

Трэці выезд у лес зусім збянтэжыў Сцяпана. Гапонаў шырока рукой паказаў на засланы абрус з стравай і прапанаваў:

— Сядай, Сцяпан, разам падсілкуемся!

Сцяпан разгублена пераступаў з нагі на нагу, не ведаючы, што рабіць і што сказаць.

Напругу зняла Наталля:

— Таварыш радавы, вам загадвае палкоўнік сесці. Выконвайце!

Усе засмяяліся, і Сцяпан выканаў загад, сеў ля самага крайчыку, якраз насупраць абрусава рога.

Ілона Вітальеўна, жонка Гапонава, зноў жа пажартавала:

— Сцяпан, не садзіся насупраць рога, бо ніколі не ажэнішся.

Зноў пачулася ха-ха-ха.

Гапонаў падтрымаў жонку:

А табе, Сцяпан, узрост ужо дазваляе ажаніцца. Ёсць хто-небудзь на прыкмеце?

Сцяпан замармытаў:

— Я... Таварыш палкоўнік... Не думаў... Я...

Гапонаў супакоіў хлапца:

— Ну, ну, не хвалюйся. Я пажартаваў.

Калі, гуляючы па лесе, Сцяпан яшчэ з’ядаў бутэрброд, дык тут кавалак перасядаў у горле.

Гапонаў быў чалавек вопытны, пабачыўшы на сваім вяку розных спраў і розных людзей.

У Сцяпане ён беспамылкова заўважыў неразбэшчанасць і надзейнасць у жыцці. А гэта асноўнае, што неабходна для наладжвання крэпкага сямейнага саюзу.

Вось — надзейны і даволі прыгожы Сцяпан, вось — яго дачка Наталля. Чым не будучы сямейны саюз, у якім усё ж аснову складае мужчына. А тое, што ён бедны вясковец, дык гэта яшчэ і лепш — будзе цаніць сваю багатую жонку і дзячыць ёй за кавалак хлеба.

Усё гэта ўзважыў Гапонаў і паступова пачаў набліжаць хлопца да сваёй кватэры.

Не, пакуль не да сям’і, а менавіта да кватэры, бо быў упэўнены, што яго дамашняя ўладкаванасць, больш пераканаўча ўздзейнічае на Сцяпана, чым яго дачка.

Так яно і адбылося. Ступіўшы праз парог Гапонавай кватэры, Сцяпан аслупянеў. Божа мілы! Ён і не падазраваў, што так могуць жыць людзі. Мэбля пад чорнае дрэва з залачонымі вычурнымі ручкамі, замудрагелістыя люстры, рознакаляровыя дываны на сценах і на падлозе, карціны ў дарагіх рамах, за шклом у серванце — нябачны дагэтуль посуд. Усюды стаялі нейкія статуэткі, керамічныя сланы, птушкі.

Гапонаў унутрана ззяў. Ён не памыліўся, запрасіўшы, як бы між іншым, Сцяпана да сябе.

— Праходзь, Сцяпан! — дружалюбна запрасіў ён хлопца,— Гэта я раней служыў у Германіі, адтуль усё гэта барахло... А вось — праходзь сюды, гэта пакой Наталлі. Сюды яна забараняе заходзіць нават нам, бацькам. Тут у яе свае, дзявочыя сакрэты. Ну, магчыма, табе яна будзе дазваляць заходзіць у яе свяцёлку.

А вось тут — гэта... а вось там — тое... а гэта, а гэта...

Гапонаў выканаў ролю гіда і напаследак дадаў:

— Цяпер, калі ў цябе будзе звальненне, можаш, не цырымонячыся, заходзіць да нас — Наталля будзе рада, ды і мы тожа.

Сцяпан выйшаў на вуліцу аглушаны ўбачаным. У яго круцілася галава.

Пасля сваёй вясковай хаты, дзе ўся мэбля — стол, лавы, ды ложкі, ён быццам наведаў нейкі дзіўны сон, нейкую казку. Ён доўга стаяў, не мог варухнуцца.

*

 

Вяселле спраўлялі ў лепшым рэстаране! Хоць Сцяпан яшчэ даслужваў апошні месяц, дазвол на шлюб яму быў дадзены. Ды і да яго, некаторыя яго саслужыўцы паспелі ажаніцца, застаючыся даслужваць жанацікамі.

Людзей на вяселлі было мора, напояў — мора, закусі — горы. Музыка гучала, хоць вушы затыкай.

Сцяпанавы бацькі сядзелі за сталом сціпла, нясмела, як кажуць — з боку прыпёку. Сцяпан быў у шыкоўным чорным касцюме з водбліскам, Наталля ў дарагой, да самай падлогі, сукенцы і фаце.

Усё — як мае быць!

Але ці ўсё?

Сцяпан адчуваў, што Наталлю не кахае, што яны дзве асобныя палавінкі чагосьці таго, што ніколі не склеіць гэтыя палавінкі у адно цэлае.

На вяселлі ад Сцяпана ціхенька падышла маці:

— Куды ж ты, сынок, улез? Гэта ж усё не наша...

— Не хвалюйся, мама! — падбадзёрыў маці маладажонец,— Цяпер гэта ўсё наша, усё — маё!

Тосты, тосты, тосты... Пажаданні, зычанні, настаўленні...

Але вяселле канчаецца хутка і пачынаецца непрадказальнае жыццё.

 

*

 

Сцяпан адзначаў дэмбель у новай сям’і. Мінуў месяц пасля вяселля і, па сутнасці хлопец упершыню па-сапраўднаму пераступіў парог новай, цяпер ужо, як спадзяваўся, яго кватэры.

Стол быў накрыты, як заўсёды, шыкоўна. Розная закусь, шампанскае, кан’як, фрукты.

Сцяпан сядзеў побач з Наталляй, Гапонаў — насупраць, побач са сваёй жонкаю.

— Тост за цябе, Сцяпан! — узняў бакал асноўны гаспадар кватэры.— Прывыкай да цывільнага ладу жыцця. Здароўя ўсім!

Усе, хто што жадаў, выпілі і памаленьку прыкусвалі.

— А дома ўсё ж лепш, чым у казарме! — выгукнуў крыху захмялелы Сцяпан.

— Ты маеш на ўвазе вёску? — удакладніў Гапонаў.

— Не! — не задумваючыся адказаў хлопец і раптам асекся,— І вёску... і вёску мáю на ўвазе таксама... і тут...

— Ешце, закусвайце! — бадзёра прапанавала Ілона Вітальеўна,— Табе, Сцяпан, такое, пэўна, у вёсцы і не снілася? — і гаспадыня паказала на стол.

— Ды што вы прычапіліся да майго мужа? — Заступілася за Сцяпана Наталля.— Мала каму што сніцца...

Сцяпан працверазеў, есці расхацелася.

Вечарам у сваім, прабачце, у Наталліным пакоі Сцяпан ціхенька запытаў у жонкі.

— Я сёння раніцай штосьці не зразумеў...

— Чаго?

— Ды так... глупства...

Сцяпан пакуль нідзе не працаваў, пасля дэмабілізацыі даваўся месяц на адпачынак.

Тут, у Мінску, ён крыху разгубіўся. А што рабіць? Чым заняцца?

— Можа б пайсці таксістам? — спытаўся ў Наталлі.— Гэта ж так прэстыжна.

— Прэстыжна? — хмыкнула яна,— Ты хоць ведаеш, што такое прэстыж? Можа, яшчэ за плугам хадзіць у вёсцы тваёй і прэстыжна? Можа, хлявы ў свіней чысціць прэстыжна? Ты мяне палохаеш.

Сцяпан не стрымаўся:

— А што табе плуг? А што табе свінні? Ды на вашым стале — і плуг, і свінні?

— Што ты вярзеш? Дзе гэта свінні на нашым стале?

— А мяса на стале рознага вырабу — і вяндлёнае, і пярчонае! З каго яно? А хлябец — і белы, і чорны — адкуль? Ад плуга! Вось табе і ўвесь прэстыж. Паедзем са мной у вёску, пабачыш, хто стварае вам ваш прэстыж.

— Ды мяне ў вёску на ланцугу не зацягнеш! — адгыркнулася яна.

Аднойчы ў Наталлевай знаёмай адбывалася нейкая маладзёжная вечарына, як яна сказала — тусоўка.

— Мы запрошаныя, збірайся Сцяпан,— папярэдзіла яна мужа.

На той тусоўцы раўла музыка, пілі шампанскае, не сціхалі зусім нясмешныя жарты.

Выстаўляліся адно перад адным, як на вітрыне.

Сцяпану было нецікава і сумна. Ён выйшаў на балкон і нечакана пачуў, як сяброўка Наталлі, не ведаючы, што Сцяпан на балконе ўпаўголасу сказала:

— Як ты з ім жывеш, Наталі? Ён такі калгаснік — не роўня табе! Ён хоць цікавіцца элітным жыццём?

— Свіннямі ён цікавіцца і плугам! — адказала тая.

— Што-о-о? Кім? Свіннямі? Фі! — фікнула гаспадыня тусоўкі.

Сцяпан рашуча пакінуў балкон і, не развітваючыся пайшоў прэч з гэтай кватэры.

Але куды ісці? Дамоў? А дзе ён, яго дом? Ёсць ён, ёсць... Далёка, але ёсць. А гэта што?.. Доўга туляўся па горадзе Сцяпан і мусіў ісці да жонкі.

Дзверы адчыніў сам Гапонаў.

— Дзе ты бадзяешся ад жонкі? Вольнічаеш?

 

*

 

Раніцай, за сняданкам Гапонаў распачаў гаворку:

— Адпачыў, Сцяпан,— хопіць! Чужы хлеб смачны, але свой смачнейшы... Ты не падумай, што я папракаю. Уладкоўвайся на працу.

— Кім? — падскочыла Наталля.— Таксістам?

— Не! — уставіла сваё Ілона Вітальеўна,— Бог з табой, якім таксістам! Каб у нашай сям’і зяць быў шафёрам! Такога не будзе!

— Дык яно ужо ёсць,— сумна, але рашуча ўдакладніў Сцяпан. Я — шафёр і я — ваш зяць. Вы ж ведалі гэта з першага дня. Я і не хаваў гэтага. Жыццё доўгае, магчыма, і вывучуся на каго-небудзь... для вашага прэстыжу.

— Доўга чакаць! — усклікнула Наталля.— Мяне ўжо сяброўкі папракаюць тваім шафёрствам.

— І плугам... і свіннямі...— дадаў Сцяпан з горкай усмешкай.

— Пры чым тут свінні? — не стрымаўся Гапонаў.— Не трэба таксіста, не трэба свіней!

— А што трэба? — спытаўся Сцяпан.

Гапонаў устаў з-за стала.

— Будзем думаць...

 

*

 

Але думаць доўга не прыйшлося. Сцяпан, на бліжэйшым да вёскі прыпынку, сышоў з аўтобуса і ў вайсковай форме радавога, толькі без пагонаў, бадзёра шыбаваў да сваёй роднай хаты, да свайго адзінага роднага дома, які чакае яго і прыме.

Ён вяртаўся і да Галіны, якая абяцала прычакаць яго з арміі.

А вось яна ці прыме яго?



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.