epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Слухаць ці распавядаць?

Што лепей —

Слухаць ці распавядаць?

Тут два пытанні ёсць:

Каго?

Каму?

Што лепей —

Атрымаць альбо аддаць?

Карысці больш з чаго

Жыццю майму?

 

З маленства

Многа чуе кожны з нас

Праз калыханку,

Ад гадоў сівых.

Да нас імкнуцца

праз глыбінны час

І мудрасць продкаў,

і памылкі іх.

 

Не толькі важна слухаць

Але й чуць,

Як кожны час

І плача, і пяе.

З мінулага і будучыню ткуць,

Ўплятаючы

Сучаснасць у яе.

 

Таму люблю я слухаць

Мудрасць дзён,

Сучасных дзён

І тых, што адгулі.

І велічнага неба парасон,

Й шматвекавы,

Былінны сказ зямлі.

 

Люблю я слухаць...

А распавядаць?

Лягчэй мне ў творах,

спавядацца ім.

Сваю часцінку вопыту аддаць

Я проста абавязаны другім.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.