epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Слухачы

Я, пэўна, не апошні

і не першы

Сярод калег

адораных маіх —

Я не люблю чытаць

прылюдна вершы,

Пісаў якія

ў тайне ад усіх.

 

Душа адорыць

словам вершагодным,

Тады раскрые

творчасці сакрэт,

Калі не варухнецца

гук ніводны,

Калі ўвесь свет вакол —

Яна й паэт.

 

І толькі ў вёсцы,

ў роднае старонцы,

Да родных

даляглядаў ідучы,

Магу за вершам верш

чытаць бясконца,

Тут голас

Натуральна мой гучыць.

 

Я на хаду

для тых чытаю вершы,

Хто ў творчы свет

паклікаў за парог

Хто здольнасці ўва мне

заўважыў першы,

І хто ў жыцці

раскрыцца ім памог.

 

Чытаю вершы я

зямлі і небу,

Бацькоўскай хаце,

са слязьмі ў вачах.

Я адчуваю

ўсё жыццё патрэбу

Ў такіх,

заўжды удзячных

слухачах.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.