epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Шматлікае аблічча

І лес прыціхлы

зразумець паспеў —

Ад восеньскай пары

нідзе не дзецца.

Злятае лісце

з задуменных дрэў —

І на душу

нябачны сум кладзецца.

 

То ззяе сонца,

потым — дождж ліне.

Свая, здаецца, восень —

і чужая.

Яна — то зачароўвае,

то — не,

Прываблівае восень

і пужае.

 

То — зрання сінь,

то вечарам туман,

То ў хату гоніць,

то — у вырай кліча.

Не, пані-восень —

не двухлікі Ян,

У восені шматлікае аблічча.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.