epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Смуткуе зямля

Звяртаюцца хата да хаты

На мове нямой цішыні,

На мове бязмоўем распятай,

На мове нуды-гарчыні.

 

А колісь, даўно... Ды не надта,

Гадоў нейкіх сорак адкінь,

Гукалася кожная хата

На мове сваіх гаспадынь.

 

На мове жывёльных падворкаў,

На мове даёнак, сякер.

О як жа тут ціха і горка

Заезджаму сэрцу цяпер.

 

І хмурыцца неба і долы,

Балюча смуткуе зямля.

І будучы дзень невясёлы,

Бязгучны брыдзе спакваля.

 

О вёсачка! Што ж ты знямела?

Дзе мары бацькоў нашых? Дзе?

Хутчэй за мяне састарэла —

І хто маё стылае цела

У вечны нябыт правядзе?



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.