epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Сніцца мне

Сніцца мне утульная драўляная,

Вёсачка далёкая мая.

І вяскоўцаў шчырасць саматканая,

На якой прарос калісьці я.

 

Сніцца мне, на жаль, ужо нязбыўнае,

Тое ўсё, што сёння толькі ў снах,

Тая чысціня пачуццяў дзіўная,

Нібы мары казачнай узмах.

 

Сніцца побыт хаткі невыстрэнчаны,

Ціхі гоман лыжак за сталом,

Нізкастольны родны храм бярвенчаты,

Сэрца пад матуліным крылом.

 

Сніцца тое, што навекі страчана,

Тое, ў чым з маленства вера ў цуд.

Ўзняўшая на крылы мова матчына

І адзіны ў свеце родны кут.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.