epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Сон у руку

Пагрэцца на сонцы прыемна,

Не блага пабыць і ў цяньку.

А сёння чамусьці нідзе мне

Няўтульна. Ці ж сон у руку?

 

Прысніў я царкву і малебен,

Туды я, ды чую: — Э-э, брат,

Спыніся, ты тут не патрэбен,

Грашыў у жыцці ты зашмат.

 

Не варты ты літасці Божай,

Для іншых наш Божа святы.

У пекла ідзі, бо даўно ўжо

Смыляць там такія, як ты.

 

Я ў пекла.

Пастукаўся ў браму,

Знайсці тут прытулак рашыў.

А мне, без ніякага, прама

Задалі пытанне: — Грашыў?

 

Не буду прасіць прабачэння,

Я рот для адказу расшыў,

Сабраў сваю мужнасць у жменю

І шчыра прызнаўся: — Грашыў...

 

З-за брамы ізноў глухавата

Пытанне пачулася мне:

— А спраў Богаўгодных багата

Рабіў між грахамі ці не?

 

Успомніў грахі я, забавы,

На мне за ўсё тое віна.

Прызнаўся: — Якія там справы?

Вось толькі хіба што адна.

 

Карміў я бяздомных жывёлак

І птушак гаротных зімой.

Я ведаю, я — не анёлак,

Апошні прытулак тут мой.

 

А мне адказалі з-за брамы:

— Не наш ты, вяртайся назад.

Хто корміць гаротных, той самы

Для пекла антыкандыдат.

 

Вось так і ад пекла я збочыў,

І рай застаецца ў баку.

Другой прычакаюся ночы,

Каб лепшы быў сон у руку.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.