epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Сон зямлі

Зямля да новага зачацця,

Што спланавала на вясну,

Пад гурбамі, нібыта ў ваце,

Прыціхла — аддалася сну.

 

Прынёс зямельцы сон глыбокі

Сцюдзёнае зімы наркоз.

З-за лесу вырас — рукі ў бокі,

Плячысты і ружовашчокі

Світанак, быццам Дзед-мароз.

 

Для сонца ў небе мала шоўка —

Што вытчэш за кароткі дзень?

Зімовы дзень — як стомятроўка,

Разгон і фініш — ночы цень.

 

Ды ў галаве зімы ёсць «мухі» —

Між звонкіх і марозных дзён

Гудуць завеі-завірухі

Такія, што ні носу вон.

 

То безгалоўем неба ліжа,

То белой бурай дрэвы гне,

А то раптоўна заадліжа,

Знянацку туманом дыхне.

 

То, як майстрыца-чараўніца,

Стварае кружавы яна.

А ў гэты час, напэўна, сніцца

Зямлі пяшчотная вясна.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.