epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Спадчына

Аб чым пісаць?..

Святая справа!

Мы свой па-свойму век зжылі.

Пісаць — каб вам было цікава,

Нам — не саромецца ў зямлі.

 

У нас трава і сонца тыя ж,

І ў вас, хутчэй за усё — яны.

У нас — слязьмі душу памыеш,

А вам што непакоіць сны?

 

Мы зробім вам наўрад адкрыцці,

Вы больш разумныя за нас.

Галоўнае — каб нашы жыцці

Граблямі спраў былі для вас.

 

О, мы далёка не анёлы,

І ў нас нячысцік святкаваў.

Кароль між нашых лёсаў голы

Пампезна прашпацыраваў.

 

Духоўных намаганняў праца

Узносіла наш час і нас

І прагнасць беларусам звацца —

Як наша спадчына для вас.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.