epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Спазніліся

Жарт

 

Зацёртыя,

Занюханыя словы,

Ізбітыя,

Затоптаныя рыфмы.

Іх ужываць

Апошні час гатовыя

Паэты і бывалыя,

І новыя,

Як нежывое

Ужываюць грыфы.

 

А што рабіць,

Калі ўсё перапісана,

Калі ўсё неаднойчы

Пераказана?

На творчай ніве,

На Парнасе —

Лысіна,

Без музы верш,

Як човен Сценькі Разіна.

 

І маладым,

Сучаснасцю загушканым,

Падставы ёсць

Для скаргаў аблапошаных —

Было не цяжка

Пушкіну стаць Пушкіным

Сярод і слоў,

І вобразаў «няношаных».

 

Нялёгка вам,

Мае калегі, мучацца,

За класікаў не менш

Таленавітыя,

Эх, дзвесце год таму бы

Вам парупіцца,

Ў гісторыі

Былі б вы п’яна-сытыя...

 

Падняўся ціск,

Хоць укалі магнэзію —

Ўсё лепшае

Даўным-даўно расхоплена.

Запознена

Прыйшлі мы у паэзію —

Пайду лепш у кабак,

Нап’юся дóп’яна.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.