epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Спазніўся я...

Спазніўся я... Спазніўся нарадзіцца,

Але ад лёсу не ўцячы свайго.

I мушу жыць, дакладней — мітусіцца,

Усё жыццё гадаць: што — да чаго?

 

I не таму, што беднасць вочы коліць —

Было бядней і галадней было.

Страшней другое — боль душу няволіць,

Душу, з якой даўно сышло святло.

 

I новы час даляравых спакусаў

Па-новаму зацягвае гужы.

Я — лішні сярод «новых беларусаў»,

Я — сёння непатрэбны і чужы.

 

Сумленна жыў, а кажуць, што няўмела,

Ды не жадаю погляды мяняць,

Бо тое, што вакол,— незразумела,

А зразумею — не магу прыняць.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.