epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Спецаперацыя

Вы, магчыма, гэтай байцы

Не паверыце,

Але ўсё ж яе пачуць вам

Не пашкодзе.

Выбіралі прэзідэнта

У Амерыцы

У дзве тысячы

Аж пяцьдзесятым годзе.

 

Прэтэндэнтаў шмат —

Амаль што паў Амерыкі,

Кандыдаты скарыстоўвалі

Ўсе шанцы —

Мафіёзы,

Таўстасумы,

Геі,

Клерыкі,

Дэмакраты, як заўжды,

Й Рэспубліканцы.

 

Параўноваюцца выбары

Са святамі —

Шоу,

Мітынгі,

Інтрыга на інтрызе,

Тэлебачанне гудзе

Тэледэбатамі,

Перапалкі аж іскраць

Між кандыдатамі,

І яны не супраць даць

Каму па мызе.

 

Ўсе яны рухавяць,

Як электравенікі,

Грудзі ў грудзі —

Не адступяць,

Не саступяць.

На пасаду спрос,

Высокія і цэннікі,

Калі трэба —

Й маму родную прыкупяць.

 

Кінем дробязі,

Адкінем акалічнасці,

Кандыдатаў гвалт,

Як шторм дзевяцібальны.

Але ўсё ж

З іх вылучаўся

Эксцэнтрычнасцю

Кандыдат адзін,

Зусім непрадказальны.

 

Абяцаў ён горы золата,

Як водзіцца,

Калі пераможа

Й прэзідэнтам стане.

Кляўся,

Што сцяной высокай

Адгародзіцца

Ад Расіі,

Нават і па акіяне.

 

Ў сведкі клікаў ён

Вышэйшыя інстанцыі,

Што пры ім Расія

Знікне і ў паміне,

Што якія ёсць

На гэтым свеце санкцыі,

На Расію

Ўсёй магутнасцю

Абрыне.

 

Зноў пайшла у ход

Мана дзевяцібальная,

Абяцанкі,

Прымаўкі,

Пра Вову анекдоты.

І яго пачулі

Ўсе артадаксальныя

Й неартадаксальныя

Нэапатрыёты.

 

І абралі прэзідэнтам

Джона Фінклера,

Галавой супердзяржавы

На планеце.

Бо здавён-даўна

З часоў Адольфа Гітлера,

Моцных лідэраў

Цанілі ва ўсім свеце.

 

І прыціхла ўся Еўропа,

Ды і Азія,

Камяком да горла

Падступілі слёзы.

А Расія што?

Расія — вось аказія,

І увагі не звярнула

На пагрозы.

*

Фінклер год ужо

У прэзідэнцкай мантыі,

А, дакладней,

У Авальным кабінеце.

Ён раптоўна аб’явіў:

— Здымаю санкцыі

Ўсе з Расіі,

Дзеля міра ва ўсім свеце. —

 

І дадаў асобна:

— Мной каманда дадзена

Тэхнарам-экспертам,

Афіцыйным людзям,

Каб праз акіян

Была труба пракладзена —

Газ і нафту закупляць

З Расіі будзем.

 

*

Два гады прайшло,

Быў Фінклер на экватары

Прэзідэнцтва,

Значыць тэрміна палову.

Рот раскрылі

Кангрэсмены і сенатары

Калі ім агучыў

Фінклер прапанову

 

Ён выказваўся

Загадкамі,

Намёкамі,

А пакуль што,

Пра галоўнае —

Ні слова.

Да галоўнага ішоў

Малымі крокамі,

Ўсіх, хто слухаў,

Падрыхтоўваў паступова.

 

А калі усе даспелі

Й апазіцыя,

Даў галоўнай думцы

Гучную развязку:

— Дзеля міру

Адкладзем свае амбіцыі

І Расіі

Аддадзім назад

Аляску!

 

Ўсё ж яна

Была калісь

Расіі часткаю,

Ды й купілі мы яе

Не без маны.

Дык няхай яны

Задушацца Аляскаю,

Мы ж за кош яе

Пазбавімся вайны.

 

Зноў расійская Аляска —

Без істэрыкі.

Што за дзіва!

Паспрабуй тут разбяры.

Потым Фіндлер,

Ад імя усёй Амерыкі,

Залічыў Расію

Ў лепшыя сябры.

Свет дзівіўся,

Нават Афрыка

Здзіўлялася,

А Еўропа,

Дык не звар’яцела

Ледзь —

Трэба ж,

З розумам

Амерыка спаткалася,

Ёй даўно

Пара было б паразумець.

 

Чорны колер

Саступае трон

Ружоваму,

Небу сонечнаму

Саступае цень.

Чалавецтва

Пачынала жыць

Па-новаму,

Веру ў будучыню

Песціў кожны дзень.

 

*

Тры гады прайшлі,

Як новая Амерыка,

І сама жыла

Па-новаму,

І свет.

Да яе, сапраўдна

Ветлівага берага,

Быў прычаліць рады кожны —

Не сакрэт.

 

Поўным ходам

Рыхтаваўся візіт Фіндлера

У Расію

Для сардэчных перамоў.

І гасцінная Масква

Была расчынена

Кідкім лозунгам:

«Ў Расію — як дамоў!»

 

У Маскву імчалі

Тэлевізіёншчыкі

Рэпарцёры

І спецкоры

Ўсіх газет.

Ўсе навіны пра візіт,

Як з печы пончыкі,

Паглынаў

І неразжоўваючы, свет.

 

Чараваў аэрапорт

Сваёю чыстасцю

І напружанасцю

Велічных хвілін.

І нарэшце,

Ў атмасферы урачыстасці,

Прызямліўся

Важны борт

Нумар адзін.

 

Адбывалася усё

На ўзроўні эўрыкі,

Сустракаўся ж сёння

Не з капейкай цэнт

А вядомы

Прэзідэнт Амерыкі

І Расійскі

Знаны Прэзідэнт.

 

І імчаў картэж машын

Па вуліцах —

Фіндлер сам

І кангрэсменаў шмат.

З двух бакоў —

Натоўп людзей хвалюецца —

Крыкі і флажкі,

Ура!

Віват!

 

У Крамлі,

Ў палацы знакамітыя

Павялі

Для перамоў гасцей.

Прэсу ж,

Да сенсацый прагавітую,

Не пусцілі:

— Хопіць вам вясцей!

 

Будуць хутка ўсім

Суперсенсацыі,

Патрывайце

Нейкі дзень ці два.

Кіньце і пратэсты,

Й апеляцыі! —

Заінтрыгавала ўсіх

Масква.

*

Перамовы у Маскве —

Падзея гучная.

Але што чакаць?

Што там лягло на шалі?

І прэсканферэнцыю

Заключную,

Ўсе, нібыта з’явы Госпада

Чакалі.

 

Ў зале ні дыхнуць —

Здымаючых і пішучых

З раніцы набілася

Бітком,

Аж пад завязку.

Хвалявалі ўсіх

Пытанняў розных тысячы,

Пра вайну,

Пра мір,

Пра дружбу,

Пра Аляску.

 

Вырашылі так:

Па сто пытанняў лідэру

Кожнаму,

Пасля чаго,

Яшчэ, магчыма, зноў.

Першае зададзена,

Як госцю,

Джону Фінглеру:

— Што вы у Амерыку

Вязеце з перамоў?

 

Ахнулі у зале

Й хто пачуў па тэлеку,

Калі Фінглер

Свой адказ агучыў.

— Не, я не збіраюся

Вяртацца у Амерыку,

Той, чужы мне бераг,

Моцна надакучыў.

 

Прозвішча маё не Фінглер, а Гардзееў,

І завуць мяне

Не Джонам, а Іванам.

Я — чэкіст расійскі,

Я — салдат ідэі,

Быў са спецазаданнем

Ў Амерыку засланы.

 

Спецзаданне выканаў,

Дасягнуў свайго я —

Ў свеце стала болей

Лепшых пераменаў.

Тут, на перамовах,

У Маскве са мною,

Шмат яшчэ чэкістаў

Сярод кангрэсменаў.

 

Ў свеце не бывае

Нічога выпадковага,

Што ж, гуд бай, Амерыка,

Не без камплементаў.

Прэзідэнт цяпер я «экс»,

Выберуць там новага,

Праўда,

Шмат яшчэ там ёсць

Нашых прэтэндэнтаў.

*

Адбылося тое, з чым

Свет не сустракаўся

Што ж, жыццё зрабіла

Разварот круты

Важны борт —

Нумар адзін,

У Вашынгтон вяртаўся —

Пасажыраў недахоп,

Амаль што паўпусты.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.