epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Спіне не шкодзіць пот

Ў забытай глухамені,

Дзе горб свой беднасць гне,

Тут Бог — нябесны геній,

У свет пусціў мяне.

 

Жыцця світанак ранні

Крывавіў нада мной.

Ён быў з выпрабаванняў,

Падораных вайной.

 

Быў з голаду і жахаў,

З бясконцых чорных дзён.

Выпрабаванняў-гмахаў

Пазней не зменшыў ён.

 

Заўжды у горы горка,

Шмат хто сустрэўся з ім.

Ды не аб тым гаворка,

Развагі аб другім.

 

Лепш, каб сказаў аб гэтым

Не я, агульны суд —

Ці можа быць паэтам,

Хто не глынуў пакут?

 

Хто не капáў глыбока

Часоў падзейных лёс,

Хто бачыў творчым вокам

Уласны творчы нос?

 

Той, хто старанна блудзе

Навокал «я» свайго,

Салодзенькая будзе

Паэзія яго.

 

Вядома ўсім —

Без солі

Яда не лезе ў рот.

І ў працы аніколі

Спіне не шкодзіў пот.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.