epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Спёка

Такой спякоты не было даўно,

Пот раз’ядаў і вопратку, і цела.

У студнях вёдры біліся аб дно,

Зямля асмягла і акамянела.

 

Сяляне зноў малілі неба-шкло:

— Пашлі нам, Божа, дождж ці хоць

аблокі!..

Але штодзень пякло, пякло, пякло,

I гінуў ураджай ад санцаспёкі.

 

А горад хлынуў да азёр і рэк,

Да пляжаў і да халадка жывога.

Тут, ля вады, быў іншы чалавек,

Ён ўхваляў за гэту спёку Бога.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.