epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Спірытызм

Зміцер Пухляк сядзеў на прызбе і курыў. Настрой быў нікудышны, у галаву лезла такая брыдоціна, і столькі было яе многа, што, здавалася, патрэсквала патыліца.

Скрыпнулі весніцы, і на двор ступіў Якім Штукар, сусед праз дарогу.

— А я сам збіраўся да цябе,— выдыхнуў зацяжку Зміцер,— ёсць гаворка.

— Ды гаворка заўсёды знойдзецца,— сеў Якім і таксама закурыў.— Ці не пра тое гаворка, як без гарэлкі горка?

— Не да жартаў, браток,— зноў выдыхнуў Зміцер.

Якім не мог без жартаў, быў здольны на розныя штукарствы, але цяпер, убачыўшы чорныя хмары ў вачах суседа, прыкусіў язык:

— Маўчу. Маўчу і слухаю.

Зміцер зморшчыўся. Было відаць, што цяжка яму выказаць штосьці патаемнае, але трымаць гэта ў сабе было яшчэ цяжэй, і ён пачаў:

— Толькі табе... Табе як найлепшаму сябру і блізкаму суседу... Хоць язык не варочаецца, ды мушу спавядацца, няма болей моцы насіць гэты цяжар на душы...

— Маўчу і слухаю,— паўтарыў Штукар.

Пухляк прыпаліў новую цыгарэту і працягваў:

— Пачало мне апошнім часам здавацца, што жонка хоча звесці мяне са свету...

— Вікця?! — ажно ўскрыкнуў Якім.— Твая Вікця?! Цябе?!

— А што ты здзіўляешся? — у сваю чаргу здзівіўся Пухляк.— Мая Вікця. Мяне.

— Яна ж набожная... Ціхая, як...

— Ты слухай! — перапыніў сябра Зміцер.— Твая набожная і ціхая не дае мне прадыху: едзь у сельсавет і перапішы на мяне ўсю гаспадарку і ўсе грошы... Ты, кажа, хутка памрэш... Ну? Што скажаш?..

— А з чаго яна ўзяла, што ты хутка павінен памерці? — спытаўся сусед.

— Кажа, бацька яе нябожчык прысніўся і прыгадаў мой блізкі канец.

Якім рашуча плюнуў:

— Ды мала каму што сніцца! Ці ж варта гэта браць да галавы?

— Сам жа казаў, набожная... Для яе, браток, гэта не проста сон, ледзь не з’яўленне Хрыста народу,— удакладніў Пухляк.— Гэта з’ява так засела ў яе ў галаве, што доўбняй не выб’еш.

— Ну, вазьмі і перапішы! — параіў Якім.— Што ад гэтага зменіцца? Гаспадарка — агульная, грошы — агульныя! Гэтак жа ўсё і застанецца. Што ад гэтага зменіцца?

— Што зменіцца? — ускіпеў Зміцер.— Ох, які ты разумны! Я перапішу, а потым бойся: ці атруціць, ці соннага падушкай прыдушыць... Не! Я па тэлевізары нагледзеўся, што ў свеце вырабляецца... Сёння бабам няма веры, гэта табе не даўней.

— Ды плюнь ты! — махнуў рукой Штукар.

— Плюнуць?! А ведаеш ты, што на тым тыдні, як мяне не было, прыходзіў у хату той гарлахват Вацік. Жыве адзін, бабылюе, голы як бізун — ні кала, ні казла. Што яму трэба тут без мяне? Ведае, што я на працы, але сунецца... Губу растапырыў на чужое. Вось табе і перапішы!

— Мала чаго мог зайсці чалавек у хату,— супакойвае сябра Якім.

— А ты ведаеш, што пасля яго візіту Вікця пачала яшчэ больш насядаць: едзь у сельсавет ды едзь! Кажа, зноў бачыла ў сне свайго бацьку і той пацвердзіў, што я — не жылец.

— Ды плюнь ты і разатры нагой! — абняў за плечы сябра Штукар.

— Лёгка сказаць: плюнь! — абурыўся Зміцер.— Адно ведаю я: перапісваць гаспадарку з грашыма не буду! А вось як уратавацца ад звягі — не ведаю.

Штукар прыжмурыўся, штосьці кумекаючы:

— Пачакай!.. Кажаш, ты па тэлевізары рознага нагледзеўся? А ці бачыў ты перадачу пра спірытызму?

Зміцер паціснуў плячыма:

— Першы раз ад цябе чую. А што гэта такое?

— А такое, што можна выклікаць нябожчыка з таго свету і пагутарыць з ім!

— Што ты вярзеш? — раззлаваўся Зміцер.— Жарты твае нейкія дурныя... ці мяне за дурня лічыш...

— Не! Не зусім нябожчыка можна выклікаць,— удакладняе Штукар,— а ягоны дух... І той дух гаворыць чалавечым голасам і нават прарочыць: што скажа, тое і будзе.

— Як гэта, дух? Нічога не разумею!

Штукар пачаў тлумачыць:

— Я, па праўдзе кажучы, сам не ўсё зразумеў, бо толькі раз бачыў, але мы можам па-свойму зладзіць спірытызму...

— Як? — лыпаў вачыма Пухляк.

— Там, у той перадачы, ставілі фотакартку нябожчыка на стол, засланы чорнай тканінай, завешвалі вокны, запальвалі свечку і садзіліся моўчкі за стол. Потым той, хто валодае спірытызмай, патаемным голасам выклікаў дух... Ну, напрыклад: Іван ці Дзям’ян, адгукніся з таго свету... што ты бачыш адтуль і што нас чакае?.. І гэтак паўтарае, пакуль дух не адзавецца...

— І хто ў нас валодае тваёй спірытызмай? — з’едліва спытаўся Пухляк.— Можа, ты?

— Не я, а ты! — І Якім ткнуў пальцам у грудзі сябру.

Зміцер балюча застагнаў:

— О-о! Дарэмна, бачу, адкрыў я табе сваю душу! Ты без сваіх жартаў не можаш! Адным словам — Штукар!

— Ты паслухай, не падкідвайся! — супакоіў суседа Якім.— Для цябе стараюся. Скажы сваёй набожнай жонцы, што ў сне пачуў голас з нябёс, які загадаў табе праз спірытызму выклікаць з таго свету дух нябожчыка Антося Хвеадосавіча, бацькі тваёй Вікці... Быццам той дух напрарочыць, як вам жыць далей... Ну?..

— І як я выклікаю той дух? Я буду клікаць яго да скону вякоў, а што далей? Ты хоць разумееш, што пляцеш? — не пераставаў злавацца Пухляк.

— Усё вельмі проста: засцялі стол чым-небудзь аж да самай падлогі, пастаў фотакартку цесця на стол, запалі свечку, і ў гэтай амаль цемры замагільным голасам кліч Антося Хвеадосавіча... Кліч і задавай яму пытанні, якія цябе хвалююць... Жонку пасадзі побач з сабой.

— Ага! Я буду задаваць пытанні, а фічку мне хто адкажа! І буду я ў вачах жонкі дурань дурнем,— не пагаджаўся Зміцер.

Якім сцішыў голас:

— Адказваць табе буду я... Я буду сядзець пад сталом, схаваны пад тканінай, і тым жа замагільным голасам буду прарочыць... Ну, як? Такога тваёй Вікці напрарочым, што хуценька ачысціць мазгі ад дурноты.

— А як ты апынешся пад сталом? — спытаўся Зміцер.— Ты ж не дух.

— А вельмі проста. Гэта павінна адбывацца вечарам, ты не зачыніш акно, я і залезу ціхенька ў хату, нырну пад стол, а ты будзеш рыхтаваць спірытызму. Усё падрыхтуеш — і кліч жонку! Зразумеў? Ну? Я сяду пад стол,— працягвае Штукар,— ты — за стол, свечка гарыць перад табой, асвятляе фотакартку Антося, у хаце прыцемкі... Вось тут ты і запрашаеш жонку. Ну?

— Рызыкова гэта ўсё... але мушу згадзіцца дзеля душэўнага спакою.. Дасць Бог, адчэпіцца ад мяне са сваім перапісваннем...

На гэтым і парашылі.

На здзіўленне Змітру яго набожная жонка паверыла ў мужаў сон, асабліва калі пачула пра голас з нябёс.

— Ой, Зміцерка! — пляснула яна ў далоні.— Гэта ж Усявышні кінуў вока пад наш дах! Рыхтуй, Зміцерка, спірытызму, выклікай тату з таго свету! — І Вікця перахрысцілася.

Аднаго вечара, як і раіў Штукар, Зміцер заслаў у другой палове хаты нейкай посцілкай стол, паставіў на яго цесцеву фотакартку і запаліў свечку. Завешаныя наглуха вокны надавалі пакою асаблівую таямнічасць, агеньчык на свечцы ўздрыгваў, нібы баючыся непрывычнай адасобленасці ад астатняга свету. Вікця напружана сядзела ў першай палове хаты і нервова чакала, калі Зміцер падасць голас.

Як толькі Штукар перавесіў свае ногі праз акно і шмыгануў пад стол, Пухляк гукнуў жонку:

— Захо-о-одзь!

Вікця асцярожна, на пальчыках увайшла ў цёмны пакой, дзе за сталом, роўненька, быццам глынуў спіцу, сядзеў Зміцер. Ён жэстам паказаў жонцы на табурэтку побач з сабой, таямніча прыклаў палец да вуснаў.

Вікця ціхенька села, баючыся дыхаць і міргаць. Пухляк зморшчыў лоб і ўперыў погляд на дрыготкі агеньчык свечкі. Таямніцы пячаць легла на ўвесь пакой і на тых, хто быў у ім. Цішыня была такой напружанай, што нават Змітру зрабілася страшна.

Нарэшце ён сіплым голасам, якога і сам не пазнаў, прагаварыў:

— Анто-о-ось Хвеадо-о-осавіч! Адгукніцеся-я!..

Дзеля важкасці моманту і большага эфекту дух пад сталом маўчаў.

Не дачакаўшыся адказу, Пухляк зноў зацягнуў не сваім голасам:

— Анто-о-ось Хвеадо-о-осавіч!.. Бачу-у... Бачу-у... Набліжа-аецца-а. Ба-ачу-у... ужо блізка-а...

Вікця не вытрымала:

— Як ён выглядае? Як выглядае тата?..

Зміцер зашыкаў:

— Як ён можа выглядаць? Пасвяжэў, адпачыў за дзесяць гадоў без працы... Сядзі і больш не лезь, бо спужаеш духа! — і казаў далей: — Вы мяне чуеце, Анто-о-ось Хвеадо-о-осавіч? Ці чуеце мяне-е?

— Чую-ю-ю! — пачуўся аднекуль прыглушаны голас, які сапраўды падаўся замагільным.

— Спытайся, што нас чакае?! — зноў не вытрымала Вікця.

— Што нас чакае-е, Антось Хвеадосавіч? — спытаўся спірытыст.

Аднекуль пачулася:

— Чакае вас доўгая жыццёвая дарога, але ты, зяцёк, перажывеш сваю жонку-у...

Вікця збялела:

— Нейкі голас не падобны на татаў...

— Пабудзеш на тым свеце, і ў цябе голас пераменіцца,— зноў зашыкаў на жонку Пухляк.— Сядзі і слухай!

Зміцер працягваў дапытвацца:

— Дык што, Антось Хвеадосавіч, раз ужо я перажыву жонку, ці варта мне ехаць у сельсаве-ет?

— Плюнь ты ёй у вочы, зяцёк! — адказаў дух.— Нагі каб тваёй не было ў сельсавеце!

Вікця прыкусіла губу і яшчэ больш збялела, а Пухляк перайшоў да другой тэмы:

— А скажыце, Антось Хвеадосавіч, чаго прыходзіў да Вікці той басяк Вацік?

Дух адказаў:

— А гэта няхай яна сама патлумачыць, а мы паслухаем.

Вікця пачырванела, круцілася на табурэтцы.

Зміцер павярнуўся да жонкі:

— Ну, адкажы свайму бацьку, што рабіў тут той гарлахват, як мяне не было.

— Нічога такога... ён... не тое каб...— І Вікця яшчэ больш зачырванелася.

Раптам адчыніліся дзверы, і ў пакой шумна ўвайшла Проня, жонка Якіма Штукара. Ды прыйшла не адна, а з Пушком, невялічкім звяглівым сабачкам.

— Во-ой! — усклікнула яна.— Што вы тут у цемры, як лунацікі, седзіцё? Глянь! Ды пры свечцы! Вы што, чарнакніжнікі нейкія? Ха!

— Ціха! — зашыкала Вікця на суседку.— Ціха ты! Мы тут з татам гаворку вядзём.

— Якую гаворку? З якім татам? Падурнелі! Твой жа бацька дзесяць гадоў як памёр...

Зміцер, каб пазбегнуць нечаканасцей, ускочыў з-за стала і паспрабаваў выпхнуць суседку з пакоя:

— Так, Проня, без цябе тут абыдземся! Прыперлася, ды яшчэ з сабакам! Мы занятыя, потым прыйдзеш!

— Ты мяне не выпіхай, а лепш скажы, куды дзеўся мой валацуга? Усю вёску з Пушком абнюхалі — нідзе няма. Думала, у цябе...

Пакуль ішла гэтая гаворка-разборка, Пушок штосьці пачуў сваім носам і пачаў з радасным енкам скрэбціся па посцілцы і лезці пад стол.

— Няма тут Якіма! Няма! Чуеш? — крычаў на сабаку Зміцер.— Вон адсюль, псіна блыхастая!

— У вас, мусіць, кот пад сталом,— паказала на Пушка Проня.— Пушок, пайшлі адсюль!

Але Пушок, унюхаўшы гаспадара, радасна забрахаў і заскуголіў, учапіўшыся зубамі за посцілку.

— Дальбог там кот! Сабака ні з таго ні з сяго не будзе кідацца пад стол.— І Проня прыўзняла край посцілкі.— Што гэта?! — адскочыла яна.— У вас пад сталом — мой Якім! Што ты там робіш?!

Пушок радасна кінуўся да гаспадара, пачаў лізаць яму твар.

— Прэч адсюль, стукач! — адштурхнуў сабаку Якім і, крэкчучы, вылез з-пад стала.

Вікця чарговы раз пабялела, убачыўшы таго, хто хвіліну назад быў духам яе бацькі. Бялейшы за снег стаяў і Зміцер...

Як яны там разабраліся і чым усё скончылася — адзін Бог ведае. Вядома толькі, што раніцой Зміцер Пухляк паехаў у сельсавет апісваць сваю гаспадарку і грошы на жонку.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.