epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Спіс

Нявырашаных спраў

узяў у рукі спіс,

Які ад году ў год

само жыццё складала.

Прабег па ім вачамі

я знізу ўверх — і ўніз,

О, вочы бедныя мае!

Ў іх цёмна стала.

 

Я ж крэсліў ўслед штораз,

Што зроблена,

Штогод,

Я ж столькі нарабіў,

я ж столькі наварочаў!

А я ж пераадолеў

без ліку перашкод,

Ні ад ніводнай мэты

не адступіў, не збочыў.

 

Праблемы, як заўжды,

ў штодзёння на куце,

Адной — па галаве,

а пяць — як штык, гатовы.

Жыцця ўсё менш і менш,

а спіс расце, расце,

Як гідра ў сто галоў,

а сам — аднагаловы.

 

А сам — з адным жыццём,

якому свет — тунель

Што без святла ў канцы —

і сёння, як і ўчора.

Хоць хутка карабель

мой напаткае мель,

А спраў з усіх бакоў

невырашаных — мора.

 

Даўно ўжо я з нябёс

спусціўся на зямлю,

Цярэбіць злыдзень-час

маіх гадоў алею.

Няхай не ўсё зраблю,

а спіс свой аднаўлю,

Хоць хутка паміраць,

а жыта ўсё ж пасею.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.