epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Споведзь

Сымон, хаця і быў набожны,

І ў храм святы хадзіў, маліўся,

А скрытна, як жанацік кожны,

Завёў каханку — «прыжаніўся».

 

— Я,— жонцы кажа,— ў лес па дровы.

А сам — «налева», да каханкі.

Назаўтра зман знаходзіў новы

І ладзіў новыя гулянкі.

 

На словах жонку так узносіў,

Мазгі хлуснёй туманіў жонцы:

— Я ж так люблю цябе, Хаўрося!

Я ж без цябе, як дзень без сонца!

 

Цябе як бачу, дарагую,

He можа душанька не ёкнуць!

Табе пазней усё скажу я,

Бо трэба мне па дровы скокнуць...

 

*

Хто ж ладу хатняга не прагне?

Ды лёс не ўсіх ласкава гладзіць.

Калі мужчыну з хаты цягне,

Хай жонка на сябе паглядзіць.

 

Хаўрося ж — чорт. І ўся гамонка.

Жыве нячыстая ў ёй сіла.

У горле скула, а не жонка,

Характар — крапіва ці шыла.

 

Пілуе беднага Сымона,

А той: — Мая ты чараўніца!

Мая душа! Мая ікона!

Я згодзен на цябе маліцца.

 

І так лагодзіць, так хітруе,

Што тая ўсюды слых разносіць:

— А мой жа пень сказаў: «Памру я

Без сонца яснага — Хаўросі».

 

А як жа трафіць мне і годзіць —

Са скуры выскачыць гатовы.

Праз дзень у лес па дровы ходзіць

Мой закаханы, безгаловы.

 

*

Святар у вёсцы — Бог на небе,

Вяскоўцам шчыра душы гоіць.

Ён прыме па любой патрэбе,

Параіць ён і супакоіць.

 

Нягодна жыць без Боскай веры,

Без Усявышняй дапамогі,

Таму ў святога храма дзверы

Людзей вядуць усе дарогі.

 

Хаўрося думку-план шануе,

Нібы курыца яйка носіць:

Яна айцу руку цалуе,

Яна яго набожна просіць.

 

— Да Вас, святы айцец, прашэнне!

Няўжо рабе святар адмовіць?

Зрабіце ў службе парушэнне —

Пусціце да сябе на споведзь!

 

Наш з мужам шлюб — даўно ў законе,

Мы з ім адно — куды падацца?

Хачу пачуць, як мой Сымоне

Прад Вамі будзе спавядацца...

 

Айцец махнуў рукой запальна:

— Ты што, дзіця? Здымі пытанне!

Святая споведзь — гэта тайна,

He для чужых вушэй прызнанне!

 

Хаўрося — цмок руку айцову:

— Якая тайна? Дурань кожан

Пачуў, што муж мой безгаловы

Каханнем, нібы конь, стрыножан!

 

Ды ён мяне іконай лічыць!

Яго душа я! Чараўніца!

Ды муж мой на маё аблічча

Гатовы дзень і ноч маліцца...

 

Паскроб айцец крыжом за вухам:

— Ты ж будзеш потым балаболіць...

— Ды я клянуся Свентым Духам

Маўчаць, як сыч! — Хаўрося моліць.

 

— Пры мне Сымона спавядайце!

Няўжо я чалавек старонні?

Адно пытанніца задайце:

Ці есць пачуцці да Хаўроні?

 

І Вам, айцец, праз гэту спробу

Карысна чуць са спавядання,

Як любіць муж маю асобу,

Што значыць палкае каханне!

 

Айцец размяк: — У грэх уводзіш...

Ото ўжо з бабамі мне ліха!

Тады цішком у келлю зойдзеш —

І там, як мыш, зашыйся ціха.

 

*

Сымон не надта ўжо і верыў,

Што здыме грэх, душу загоіць,

Але ішоў у тыя дзверы

Крыху сумленне супакоіць.

 

Даволі рэдка спавядаўся,

Хаця грашыў часцей намнога.

Грашыць — грашыў, а аглядаўся

І на Хаўросю, і на Бога.

 

Сымон наставіў жонцы рожкі

І неяк кажа ёй са смакам:

Пайду да споведзі, Хаўрошка,

Хаця грахоў — як кот наплакаў.

 

— Схадзі, схадзі! Ды да драбніцы

Усё айцу скажы там, Сёма!

— А што сказаць, мая царыца?

Я ж як анёл — усім вядома.

 

Іду — дзеля высокай веры,

Каб не гнявіць цябе і Бога...

Хаўрося — ціхенька за дзверы

І ў келлю ад свайго парога.

 

Сымон памыўся, пагаліўся,

Надзеў чысцюткую кашулю,

Ля абразоў перахрысціўся:

— Ну, я пайшоў, мая красуля!

 

Хаўрося! Дзе ты?.. Во пачвара!

Ужо ў суседак зубы скаліць.

Ці ж гэта жонка? Звяга! Кара!

Хай табе чорт язык падсмаліць!..

 

Вось так Сымон зваліў у кучу

Душы здабытак унікальны.

І з хаты прэч пайшоў рашуча

Да ачышчальнай спавядальні.

 

Зайшоў у цесную кабіну,

Сабраўся з думкамі натхнёна...

— Пара з душы спіхнуць цагліну! —

Мільгнула ў галаве Сымона.

 

Да спавядальнай дзіркі ротам

Сымон прыліп, як да кілішка.

Хаўрося ж пад халодным потам

Сядзела за айцом, як мышка.

 

— Я тут, айцец! — Сымон узнята.—

З душы саскрэбці грэх хачу я...

— Смялей, мой сын, бо споведзь — свята!

Над намі Бог — усё ён чуе!

 

— Пачну з таго, што п’ю не мала...

— Усе мы, сын мой, выпіваем.

— У пост вялікі ем я сала...

— І мы жывот свой «запраўляем».

 

— Люблю загнуць я на рабоце

Крутым, шматпавярховым матам...

— А для чаго язык у роце?

І гэты грэх лічу я знятым!

 

— Яшчэ, айцец, украў я зрання...

— Ды кінь ты, сын мой, драбязіцца!

Ты раскажы мне пра каханне —

Якая ў сэрцы чараўніца?

 

Ці гэта, сын мой, падалося,

Ці праўду слых нясе па хатах,

Што вельмі любіш ты Хаўросю,

Што прыклад ты для ўсіх жанатых?..

 

Сымон аж заскрыпеў зубамі:

— Каго? Хаўросю? Жабу гэту?!

Айцец! Хай будзе паміж намі —

Другую маю я кабету!

 

Яе абдымкі, пацалункі

У сэрцы моцна прыжыліся,

Нібы ад Бога падарункі...

Святы айцец зароў: — Заткніся!

 

Сымон абсеў: — Дык гэта ж споведзь...

Я ж Вам, айцец, як на падносе...

Святар спыніў: — Пра глупства хопіць!

Скажы, што любіш ты Хаўросю!

 

— Каго? Хаўросю? Гэту язву?!

Хай ліха з печы яе скіне!..

Айцец абсек: — Змяні ты назву

Сваім расказам, грэшны сыне.

 

Скажы: — Люб-лю! Хаў-ро-сю! Жон-ку!

Адзіную і дарагую!..

— Мне споведзь гэта есць пячонку —

Люблю! Люблю!.. Але другую.

 

Сымон ускочыў з табурэткі,

Ды і святы айцец завёўся:

— Ды як жа ты, бязбожнік гэткі,

Тайком з чужой жанчынай сплёўся?

 

Сымон яшчэ вышэй падскочыў,

І заскрыпелі зноў пашчэнкі:

— А сам?! Куды габлюеш ноччу?

Вядома — да чужой сукенкі!..

 

І раптам тут — прамой наводкай —

Хаўрося з крыкам і з разгону —

Грудзьмі ў сцяну, ў перагародку!

І толькі пыл у твар Сымону!

 

І толькі трэскі, як асколкі,

І толькі рот паветра ловіць,

І словы жонкі, як іголкі:

— Ану дамоў! Працягнем споведзь!

 

*

Ад ачышчальнай спавядальні

І аж да хатняга парога

Хаўросін гнеў непрадказальны

Прыгнаў Сымона ледзь жывога.

 

— Заходзь! — і грозны тон Хаўросі

Спужаў Сымона, як грымоты.

Ён сеў у кут і з лавай зросся,

Скруціўся ўвесь — глядзеў на боты.

 

— Ну што?! — Хаўрося рукі ў бокі.—

Давай! Выкладвай! Спавядайся!

Чаго маўчыш, надзьмуўшы шчокі?

Працягвай споведзь! He стыдайся!

 

Язык Сымонаў гнуўся слаба:

— Хаўросечка... ды я гатовы...

— А-а! Я Хаўросечка, не жаба! —

Сымона лупянулі словы.

 

— Якая жаба? Любка! Краска!..

Але Хаўрося абсякае:

— Пакінь для той лахудры казкі!

Ану выкладвай — хто такая?

 

Сымон насупіўся, надзьмуўся,

Маўчаў, сядзеў бялей паперы...

І зноў Хаўросін крык пачуўся:

— He скажаш?! Лбом адчыніш дзверы!

 

Сымон прыкінуў: — Прэч прагоніць —

Там — ні кала, ні гаспадаркі,

Адны вуглы — хай Бог бароніць,

Hі малака табе, ні скваркі...

 

Сымон усхліпнуў вінавата:

— Хаўроська... гэта... гэта — Туся...

Хаўрося ўголас на ўсю хату:

— О-ёй! Ад смеху задушуся!

 

Яна ж — аблезлая варона!

Што кот збасцяны без дагляду.

Вось гэта пара для Сымона —

Hі лытак, ні грудзей, ні заду!

 

І ты мяне?! Мяне, Хаўросю,

Змяніў на тую верхаводку?!

Сымон загаласіў, затросся:

— Давай забудзем гэту плётку!

 

— Забудзем? Ах ты, валацуга!

Мне што, маліць: кахай, Сымонка!

Я хто тут — жонка ці прыслуга?

Сымон ускочыў: — Жонка! Жонка!..

 

Хаўрося хоць трымала марку,

А ведала цану мужчыне.

Мужчына правіць гаспадаркай,

Без мужыка — агмень астыне...

 

Прагнаць Сымона — самагубства,

He трэба гнаць — і слова раніць,

Парну Сымону ў самалюбства...

І вось Хаўрося мужу маніць:

 

— Калі ўжо споведзь паміж намі,

Дык ведай, што і я не спала,

І я з мужчынскімі штанамі

У шуры-муры пагуляла.

 

He ты адзін з узнятым носам

Свой гонар грахаводны цешыш...

Сымон зірнуў на жонку скоса,

Прамовіў з недаверам: — Брэшаш!..

 

— Брашу? Ты ў лес, а тут — Іванка,

Мужчына — не табе раўняцца...

Назаўтра ў хату — шусь Сцяпанка,

І з ім табе не пацягацца...

 

— Ды як жа ты? — сказаў не строга

Сымон і стаў бялей парошы.—

Ды як жа ты пасля такога

Глядзіш у вочы мне, Хаўроша?

 

— Я спавядаюся, Сымонка!

Прабач — псую настрой мядовы.

Куды мужык — туды і жонка,

Вось ты — у лес, а я — па дровы!

 

Сымон раз-пораз хліпаў ціха.

І тут, зусім неспадзявана,

У хату, як на гэта ліха,

Дасужы чорт прыпёр Івана.

 

Раней Іван у гэту хату

Нагою не ступаў ніколі,

А тут, як кажуць, збэсціў свята,

Прыйшоў, сыпнуў у рану солі.

 

Сымону ён сваім прыходам

У сэрца накідаў каменняў,

Ды і Хаўрося стала лёдам

Ад слоў сваіх і супадзення.

 

— Спакой і мір гнязду і птахам!..—

Ніхто не адказаў Івану.—

Ішоў, гляджу — дымок над дахам,

Дай, думаю, у хату гляну...

 

Іван пакашляў, патаптаўся,

Зняў шапку і на цвік павесіў.

— Цябе, Сымон, не спадзяваўся

Застаць, бо ты — часцей у лесе...

 

Сымон падскочыў да Івана,

Схапіў за грудзі: — Памаўзуеш!

Спісаў мяне занадта рана,

Знічтожу за Хаўросю! Чуеш?

 

Іван збялеў, ніяк не ўцяміць,

За што яго таўкуць у грудзі...

— Ты што, Сымон,— пасеяў памяць?

Пры чым тут я? Ратуйце, людзі!..

 

Сымон зароў: — І ты, прыблуда?!

Бо тут Сцяпан зайшоў нядбайна...

...Хай пакрычаць — спыняць не будзем,

Святая споведзь — гэта тайна.

1987


1987

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.