epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Спрэчкі

Мінуўшы

Старадаўнія гады,

Наш чалавек,

пакінуўшы запечак,

Як рыбіна не можа

Без вады,

Не можа уявіць сябе

Без спрэчак.

 

Пустыя спрэчкі —

колькі іх вакол,

Яны стамляюць,

зводзяць час на смарку:

Аматары футболу —

пра футбол,

А «алканаўты», як заўжды —

пра чарку.

 

Адных узносяць,

а другіх клянуць,

Хто ганьбіць,

а хто хваліць перамены.

У кожнай спрэчцы

секс не абмінуць,

У кожнай спрэчцы

закрануць і цэны.

 

У кожнай спрэчцы —

полымя і лёд,

Каса і камень,

хрэн і рэдзька у роце.

А ўжо палітыка —

для спрэчак мёд,

Тут, хлебам не кармі,

тут — цырк на дроце.

 

Спрачаюцца,

Як кажуць, задарма,

Пра курс валют,

пра золата каштоўнасць.

Ды мала спрэчак,

іх амаль няма,

Пра вартасць кніг,

пра нацыі духоўнасць.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.