epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Спрыяльнае надвор’е

На дрэвы сыпе восень пазалоту,

У лёгкі сум ухутаўся абшар.

І сонечную сціплую пяшчоту

Прымае верасень — руплівы гаспадар.

 

Паветра неастылае, ў блакіце

Празрыста бесклапоціцца пакуль.

У зарасніку дуб, нібыта ў свіце,

Паважны, фанабэрысты куркуль.

 

Спрыяльнае надвор’е, як удача,

Для працаю напоўненых палёў.

Пачатак восені...

Яна яшчэ не плача

Адлётным развітаннем жураўлёў.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.