epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Спускайцеся сюды

Я тут, унізе, ля падэшв Парнасу,

Я ледзьве бачны тут,

Тым больш, адтуль.

Для нашага, душой сляпога часу,

Я нават для яго — звычайнасць, нуль.

 

Вунь, колькі тых,

Хто сёння вершы піша,

Хто з рыфмаў для сябе будуе трон.

А я збіраўся пакарыць узвышша —

Парнас, што нават сонца слепіць ён,

Дзе геніяльных не злічыць імён.

 

Хоць на Парнас я марыў падзівіцца,

Ды ад яго скіроўваю сляды.

Парнас мой тут, у вёсачцы-сястрыцы,

Хто хоча, лепш спускайцеся сюды.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.