epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Спыніся, куля!

Спыніся, куля, на ляту,

Крыві ты напілася, досыць.

Ты не пчала, што носіць мёд,

Ты напладзіла шмат сірот,

Паўсвета ад цябе галосіць.

 

Спыніся, куля, пачакай!

О, каб ты не была сляпая,

Ты ўраз пазбавілася б сіл

Ад колькасці «сваіх» магіл —

Вунь, хтосьці зноўку дол капае.

 

Спыніся, куля, ты — не суд,

А кроў і слёзы — не вадзіца.

Запомні гэта адкрыццё:

Ты нішчыш не адно жыццё,

А й тых, хто мог бы нарадзіцца.

 

Спыніся, куля, час яшчэ

Табе спытацца дазваляе:

Ці даспадобы вечны сон,

Ці прагне кулю ў сэрца ён,

Той, хто бязлітасна страляе?


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.