epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Срэбрадзіўнае святло

Месяц хмаркай ахінуўся,

Ясналікі, як заўжды.

Прывітанне! Я вярнуўся,

Ды, на жаль, не малады.

 

Наш саюз амаль распаўся,

Паміж намі — часу цень.

Я з узростам закахаўся

У святло, у ясны дзень.

 

Колькі пад табой мінула,

Адспявала, адгуло!

Колькі тайнаў паглынула

Срэбрадзіўнае святло!

 

Для кахання ты выстрэнчваў,

Ладзіў і паліў масты.

Ты вянчаў і ты развенчваў,

Зводзіў і разводзіў ты.

 

І хоць бачымся мы рэдка,

Наш саюз я бласлаўлю —

Ты адзіны ў свеце сведка

Шматмільённага «люблю».


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.