epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Шруб

Прадзім’я холад адчуваю на спіне.

Жыццё — на ім жа ўшчэнт падсечаным суку.

Ніхто мне ў вочы з цеплынёй не зазірне

І не працягне ратавальную руку.

 

Я толькі ў снах сваіх —

Дзяцюк, юнак, дзіця,

Вышэй жыцця магу узняцца на крыло.

Прачнуся — і адразу прывіднасць жыцця

Халодным ценем наплывае на святло.

 

Трава — не тое, што над ёй магутны дуб,

Але ж праз час і дуб ляжыць вунь на траве.

Жыццё — складаны механізм,

А я ў ім — шруб,

Ды механізм, лічы, аджыў, а шруб жыве.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.