epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Стаю зачараваны

Застаўся тлумны горад за спіной,

Ні ў чым не вінаваты,

Ды нямілы.

І вось я з ёю і яна са мной

Сядзіба —

Хата, сад і плот пахілы.

 

Зіхцяць далёкіх зорачак агні,

Загадкава,

Прывабна,

Безупынку.

Таемная чароўнасць цішыні

Трымае маё сэрца у абдымку.

 

Стаю зачараваны...

Мой ты Бог!

Якая прыгажосць, нібыта сніцца!

І ўсё ж ступаю ў хату праз парог,

Каб з ёю прывітацца,

Пакланіцца.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.