epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Старая дзева

Я замуж першы раз

пайшла за сталяра —

Ну, думала, заробак,

грошай куча.

Ды грымы малатка,

стамесак, тапара,

Змясілі ўсе мазгі мае балюча.

 

А лексікон яго —

то гэблі, то цвікі,

То, той благі заказчык,

той — харошы.

І вырашыла я —

грымотны муж такі,

Не трэба мне

ні за якія грошы.

 

Я з лёсу са свайго

цягну наступны «фант»,

І замуж за другога,

як першы раз, габлюю.

І вось мой новы муж —

вядомы музыкант,

Я з музыкай цяпер

начую й днюю.

 

Не доўга з ім жыла,

бо зноў скруціўся лёс —

І як другога мужа

мне было не ганьбіць?

Да піяніна ён,

нібыта бы прырос,

Па клавішах, як дзяцел,

няспынна барабаніць.

 

Па іх ён лупіць ноч,

па іх ён лупіць дзень,

Не горш, чым малаток

той сталяровы.

І зноў мае мазгі,

як кажуць, на бекрэнь,

Тут і разумны самы

стане безгаловым.

 

А што за лексікон?

То до-рэ-мі-фа-соль,

То славы не стае,

то ганарару мала.

Мяне ад фортэ-п’яна,

штодня ад ля-бе-моль,

Ад піяніна аж ванітавала...

 

Я замуж зноў іду!

Настаў шчаслівы дзень!

Як быццам нараджаюся

упершыню, нанова.

Мой трэці муж — мысліцель,

маўчыць нібыта пень —

Ні бэ ні мэ, ні а, ні я,—

ні слова.

 

Я штосьці гавару,

а ён маўчыць штодня.

І трэці раз я горкім

шлюбам пакарана.

І адчуваю я,

што гэта цішыня

Па нервах б’е

мудрэй, чым фортэ-п’яна.

 

Чацвёрты муж быў поп,

а пяты — атэіст,

А быў яшчэ альфонс,

які блудзіў «на лева».

Больш замуж не пайду,

жыццё, як чысты ліст,

Я вольная цяпер —

старая дзева!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.