epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Старажытны экспанат

Сказка — ложь, да в ней намёк...

А. С. Пушкин

 

Пасля адкрыцця гісторыка-архелагічнага музея, жыццё ў горадзе відавочна ажывілася. Жыхары ўсіх узростаў і відаў у вольны час спяшаліся зазірнуць за заслону сівой даўніны.

Прыемна здзіўляла і тое, што пад музейным дахам мірна суіснавалі і вегетарыянцы, і платаядныя ці, як іх яшчэ называюць, драпежнікі.

Тут можна бачыць ля якога-небудзь экспаната, побач ваўка і зайца, вужаку і жабку, льва і антылопу, нават павука і муху, якія абменьваюцца ўражаннямі.

Вось што значыць прага пазнання і атмасфера духоўнасці.

Але аднойчы жыхароў зямлі схаланула сенсацыйная навіна — знойдзен шкілет невядомай старажытнай істоты, які, пасля падрыхтоўкі спецыяльнай залы, будзе выстаўлены на паказ.

З усіх куткоў зямлі збягаліся, зляталіся, спаўзаліся зацікаўленыя.

Неверагодныя чэргі цягнуліся да ўваходу ў музей — усім не цярпелася ўбачыць невядомую старажытнасць.

І нарэшце гэты гістарычны дзень настаў. Дзверы музея гасцінна раскрыліся і жывая рэчка наведвальнікаў хлынула ў будынак.

Экскурсію праводзіў сам дырэктар музея — Бусел, чыя дзюба была яму замест указкі.

Дырэктар, для важнасці моманту, зрабіў доўгую паўзу, затым паказаў дзюбай на шкілет, які ляжаў пад шклом, і сказаў:

— Вучоны савет музея, з дапамогай замежных свяціл навукі, пасля дэталёвага вывучэння экспанату, аднагалосна прыйшоў да высновы, што гэтаму шкілету больш як два мільёны гадоў і належыць ён тагачаснай істоце, імя якой — чалавек.

Усе прысутныя інтуітыўна здрыгануліся, хоць ніколі не чулі слова «чалавек», тым больш ніколі не бачылі яго шкілета. Відаць, на генным узроўні страх перад гэтым словам у наведвальнікаў музея захаваўся.

Бусел працягваў:

— Вучоныя лічаць, што людзі як від вымерлі ў эгаістычна-драпежны перыяд кан’юктурна-бездухоўнай эры.

Хтосьці з наведвальнікаў пацікавіўся:

— А што магло стаць прычынай вымірання людзей?

Дырэктар толькі развёў крыламі:

— Дакладна невядома... Ёсць меркаванні, што людзі зніклі з зямлі не ў выніку нейкай прыроднай катастрофы, як калісьці дыназаўры, інакш разам з людзьмі зніклі б і мы.

Хутчэй за ўсё, людзей выкасіў нейкі мор, нейкі вірус, які ўздзейнічаў толькі на іх. Нам вядомы некаторыя старажытныя вірусы, такія, як грошы, войны, захоп улады.

Мы ператрэслі ўсе архівы і прыйшлі да высновы, што кан’юктурна-бездухоўная эра — гэта прадукт, створаны людзьмі. Музеяў рабілася ўсё менш, зброі і жорсткасці — усё больш. Прага нажывы паглынула дабрыню і любоў да бліжняга. Людзьмі кіравала галоўная іх запаведзь: «Чалавек чалавеку — воўк».

Тут Бусел паглядзеў у бок прысутнага ў музеі ваўка:

— Я прашу, шэры, не крыўдзіцца, бо ўсе ведаюць, што воўк ваўка, у адрозненні ад людзей, не знішчае.

Пасля чарговай паўзы, дырэктар працягваў:

— Паколькі людзі жылі ў эгаістычна-драпежны перыяд, думаю, што яны былі вельмі небяспечнымі драпежнікамі, што і прывяло іх да самазнішчэння.

Знікненне людзей пайшло на карысць нам усім, уратавала нас і ўсю планету ад пагібелі. Таму ўпэўнены, што ніхто з вас, прысутных, не шкадуе пра знікненне тых, хто мог бы паставіць пад пагрозу наша існаванне.

— Не! Не, ніхто не шкадуе! — загаманілі экскурсанты.

Раптам у выставачную залу ўвайшлі двое. Убачыўшы незнаёмцаў, усе здрыганулі і змоўклі.

Дырэктар музея асцярожна спытаў:

— А вы хто будзеце?

Той, хто быў больш высокага росту, адказаў:

— Я — Адам, а яна — Ева. Я — мужчына, яна — жанчына. Нас выгналі з Раю.

Бусел спытаўся іначай:

— А да якога віду вы належыце?

— Мы — людзі,— адказаў мужчына.

Розгалас жаху пранёсся над наведвальнікамі музея.

— Людзі! — жахнуўся і Бусел.— Значыць, зноў жорсткасць, зноў грошы, зноў зброя і войны!

— Не! — усклікнуў мужчына.— Не хвалюйцеся і не палохайцеся! Нас пакуль двое і ў нас няма пакуль ні грошай, ні зброі.

— Пакуль... — сумна адзначыў дырэктар музея. Ён паказаў дзюбай на старажытны шкілет і заключыў: Тыя, якія зніклі з Зямлі прыкладна два мільёны гадоў таму, пэўна, таксама пачыналіся з Адама і Евы і, як і вы, пакуль не мелі ні грошай, ні зброі. Няўжо ўсё паўтараецца?..



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.