epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Старому — старое

Да дзеда прыехаў унучак у вёску,

Дарослы хлапчына, не ссаў ужо соску.

А дзед быў стары, як старое балота,

Сухенькі, худзенькі, карчак-адзінота,

Як кінуты некім капшук на паліцу.

Адзін жыў, бо жонка сышла у зямліцу...

Ледзь толькі прачнуўся прыветлівы ранак,

Унучак да дзеда падняўся на ганак.

Ступіў не адзін ён на дошкі гнілыя.

Падскочылі дзедавы бровы сівыя:

— Няўжо ажаніўся, няхай цябе качкі?!

Дык вось у якія гуляеш ты цацкі!

Парадваў, ўнучак! Герой! Малайчына!..

А «цацка» — была прыгажуня-дзяўчына,

Як лялечка, нібы партрэт для паказу,

Зірнеш на такую — самлееш адразу.

Дзядок аж заззяў, затаптаўся рупліва,

Бо век дажываў адзінока, маўкліва.

А тут — падарунак, унучак з край-свету!

Падкінулі госцікі дзеду імпэту.

Успыхнулі згаслыя дзедавы вочкі:

— Заходзьце ж у хату, мае галубочкі,

Мае кацяняткі, мае вы анёлы,

Парадуйце мой небасхіл невясёлы! —

І селі «анёлы» за стол праз хвілінку.

А мы, каб ля іх не глытаць з боку слінку,

Далей пададзімся ад гэтага рання,

Без нас вельмі радасным будзе спатканне.

Сядзяць дзед і ўнучак, як дуб і галінка,

За гутаркай дзень праляцеў, як хвілінка.

Стаміліся госці, дый дзеда хістае.

І спаць укладаюцца — месца ж хапае.

Сям’ю маладую, сям’ю дарагую

Кладзе дзед на ложак у хату другую.

Ніхто там не ходзіць, там чыста, прыбрана,

Ні мух табе злосных, спакой і пашана.

А сам жа дзядок адпачыць ад сустрэчы

На меншай палове прыгрэўся на печы.

 

Зліпаюцца вочы, заснуць ім прыспела,

Ды нештачка ў хаце другой зарыпела:

Цы-гі ды цы-гі. І сапе нехта жвава.

Скрыгель ды скрыгель. Ці падлога, ці лава?

Рып-рып ды рып-рып.

Ці то столь, ці мо дзверы?

Ускочыў дзядок ад праявы-халеры,

Нібыта за сэрца блыха укусіла,

І хрысціцца шчыра: — Нячыстая сіла!

Ці, можа, свой жарт дамавы вытварае?

А можа, прыйшла з таго свету старая?

Адкуль тыя гукі? У чым тут прычына? —

Сядзіць дзед на печы, як цвік, як спружына.

Сядзіць ён, і страх яго з ім неразлучны —

Ды раптам упаў і рагоча бязгучна.

— А каб цябе немач, старога, дурнога!

Дык гэта ж не столь скрыгаціць, не падлога.

Ото ж баязлівыя сталі старперы!

Дык гэта ж не лава скрыпіць і не дзверы.

Старая ты порхаўка! Пень безгаловы!

Забыўся зусім ты пра месяц мядовы.

 

Па печы качаецца дзед і рагоча:

— Дык гэта ж унучак не спіць і скпыгоча!

Калісьці мы з бабкай на тым самым ложку

Не спалі, тапталі для ўнучка дарожку.—

І дзед маладым добрай ночы жадае:

— Спалохалі, хай вас камар забадае! —

І зноў яго вочы зліпаюцца млява,

Ды нешта не спіцца старому, цікава.

«А як яны там?! — думка стукнула токам.—

Праз шчыліну гляну адным толькі вокам...»

І звесіўся з печы нагамі сухімі,

І лаву шукае, намацвае імі.

Ды, мусіць, спяшаўся дзядок, хваляваўся,

Бо бразнуўся ён на падлогу, сарваўся —

І бокам аб лаўку, аж хруснулі косці.

— Ой-ёй! Ай-я-яй!

Як ускочылі госці,

Прыбеглі туды, дзе стагнаў дзед ля лаўкі,

І голыя сталі прад ім, нібы п’яўкі.

Ад болю крычыць дзед, і стогне, і млее,

Ды болей ад сораму ён чырванее...

 

Дарэмна мы з вамі не байку стваралі,

Бо як абысціся цяпер без маралі?

А то прысаромілі б дзеда-героя:

— Не лезь болей з печы! Старому — старое!


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.