epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Стасік і іншапланецяне

Першы дзень пасля летніх канікулаў настаўніца вырашыла прысвяціць своеасаблівай справаздачы вучняў на тэму: «Як я правёў летнія канікулы». Кожны, па жаданню, мог падзяліцца ўражаннямі, назапашанымі за лета.

Жадаючымі былі ўсе вучні, бо ва ўзросце 9—10 гадоў, нават дробязныя падзеі ўспрымаюцца, як штосьці вельмі незвычайнае, што магло адбыцца толькі з табой.

Дзяцей асабліва радавала тое, што такая справаздача будзе адбывацца вусна, ужывую. Можна будзе задаваць пытанні, устаўляць у расповед жарты і, што самае галоўнае, у адрозненні ад пісьмовай работы, не трэба думаць пра правапісанне і абрыдлыя памылкі.

І вось першы ўрок пачаўся.

Настаўніца раскрыла класны журнал і пачала па чарзе называць прозвішчы вучняў.

Кожны расказваў штосьці сваё, але гэта «штосьці сваё» часта паўтаралася, бо многія вучні ездзілі са сваімі бацькамі адпачываць да мора, хто — у летнія лагеры, было нямала такіх, хто адпачываў у вёсцы ў сваіх бабуль.

Вядома ж, цяжка знайсці ля мора ці ў вёсцы нешта сваё, асаблівае. У асноўным: купаўся, загараў, хадзіў на экскурсію, а ў вясковых адпачывальшчыкаў: хадзіў на рыбалку, у лес па ягады, ездзіў на кані і, абавязкова, піў сырадой.

Калі ж пасля чарговага перапынку, настаўніца назвала прозвішча Стасіка, ён устаў, па-даросламу адкашляўся і пачаў:

— Клыра выт азлот перлістра ду-у, ялтон экліб маліжна...

Усе дзеці раскрылі раты ад пачутага, а настаўніца ўсклікнула:

— Стасік, пачакай! Спыніся! Што гэта за мова такая?

Стасік вінавата пляснуў далоняй сабе па лбе:

— Прабачце, Аліна Паўлаўна! Я ж забыўся вас папярэдзіць, што мяне, напачатку лета ўкралі іншапланецяне.

— Што-о-о? — выцягнула шыю настаўніца.— Якія іншапланецяне? Ты што, жартуеш?

— Мне не да жартаў, Аліна Паўлаўна. Я столькі перажыў,— уздыхнуў Стасік.

— Ну, і як гэта адбылося? — недаверліва спыталася настаўніца.— Можа, ты лепш пісьмова выкладзі свае прыгоды ці свае... фантазіі на імя дырэктара школы?

— Не! Не! Няхай раскажа! Мы хочам паслухаць,— загаманілі вучні.— дазвольце, Аліна Паўлаўна!

— Што ж, расказвай,— без асаблівай ахвоты дала згоду настаўніца. А потым спыталася: — Дык гэта ты на іх мове пачаў з намі гаворку?

— Так, на іхняй мове.

— Слухаем, працягвай, Стасік, толькі цяпер на нашай, беларускай мове,— удакладніла настаўніца.

Стасік працягваў?

— Па сутнасці, я сам паспрыяў таму, каб аказацца ў іх у палоне.

Пабег я аднойчы ў лес па суніцы. Збіраю ягадку за ягадкай, пераходжу ад адной чырвонай лаціны ягад да другой — няма калі галаву падняць, агледзецца. Калі ж дазбіраў поўны глек суніц, з асалодай выпрастаў спіну і заўважыў на ўскрайку лесу штосьці дзіўнае. Спачатку падумаў, што гэта аўтобус стаіць, які прывёз турыстаў адпачываць. Як прыгледзеўся — ледзь глечык з суніцамі не выпусціў з рук. Гэта была талерка... Не тая, з якой мы ядзім суп, а сапраўдная іншапланетная талерка, срэбнага колеру, з невялічкімі акенцамі-ілюмінатарамі. У мяне ажно дыханне захапіла ад такога відовішча. Страху не было, было толькі адно жаданне — падысці бліжэй і дэталёва разгледзець гэты карабель, каб потым было што расказваць усім знаёмым. Цікаўнасць, як магніт цягнула мяне да невядомага дзівосу і ногі, здавалася, самі вялі мяне ўсё бліжэй і бліжэй да іншапланетнай таямніцы.

Раптоўна думка рэзанула па маіх напружаных нервах, як нажом: «А дзе ж яны, гаспадары талеркі? Якія яны? Варожыя ці дружалюбныя?»

Вось тут страх спыніў маё набліжэнне да застылай невядомасці.

Я доўга стаяў і вагаўся: набліжацца ці не?

Нідзе не чулася ні шоргату, ні гуку — нават птушкі перасталі спяваць. Тут я заўважыў, што дзверы-люк у пасудзіну адчынены і магніт цікаўнасці зноў пацягнуў мяне ўперад. І не проста ўперад, а ў сярэдзіну талеркі. На дыбачках, ледзь дыхаючы, я пракраўся ў гэты міжпланетны апарат, а там — нікога.

Агледзеўся... На нейкіх панэлях міргалі рознакаляровыя лямпачкі, свяціліся ўсялякія экраны, штосьці высвечвалася і тухла. Уся талерка ўсярэдзіне падзелена на мноства асобных кабін з крэсламі і ляжанкамі. На шматлікіх паліцах — мудрагелістая апаратура. Я забыўся нават, дзе я і што са мной.

Пакуль я, разявіўшы рот, разглядаў усю гэту таямнічасць, у дзвярах з’явіліся яны... Я абмёр ад жаху. Думка-маланка загадала: «Уцякай!», але ногі і рукі не слухаліся. Ды і куды было ўцякаць, калі ў дзвярах шчыльна стаялі чатыры чалаве... прабачце, не чалавекі, а іншапланецяне.

Убачыўшы, што я не кратаюся і не раблю спробы ўцячы, яны, відаць, падумалі, што я сам, добраахвотна прыйшоў да іх і вырашыў з імі застацца. Таму яны ветліва, штосьці незразумелае залапаталі.

Я, нягледзячы на смяротны жах, адзначыў, што яны не зялёныя, як пра іх пішуць, а, наадварот, чырвоныя, як спелыя памідоры. Росту яны былі значна меншага, чым нашы дарослыя людзі, таму, калі я нарэшце ўстаў, каб павітацца, мы былі роўныя — плячо ў плячо...

Настаўніца раптоўна папрасіла:

— Можа б, ты больш скарочана расказаў, Стасік. Пасля заканчэння твайго расповеду ў нас, пры неабходнасці, будзе магчымасць задаць табе пытанні, штосьці ўдакладніць. Згодзен?

— Згодзен,— адказаў хлопчык і працягваў: — Карацей, дзверы зачыніліся, адзін з іх сеў за пульт кіравання, і мы паляцелі.

Тое, што талерка ляціць, і ляціць вельмі хутка, я здагадаўся, зірнуўшы ў ілюмінатар. Хоць было ўражанне, што мы стаім на месцы. Зямля аддалялася імкліва і праз нейкую хвіліну ператварылася ў кропку і ўвогуле знікла.

Трое іншапланецян, не занятых кіраваннем талеркай, штосьці мне тлумачылі, балбаталі па-свойму. Але, убачыўшы, што я нічога не разумею, надзелі мне навушнікі і — дзіва! — я пачаў разумець іх мову, быццам усё жыццё толькі на ёй і размаўляў.

Адзін з іх дружалюбна мне сказаў:

— А ты малайчына, што вырашыў далучыцца да нас — паслужыш міжпланетнай навуцы.

Я здзівіўся — які я навуковец! Але той працягваў тлумачыць:

— Мы з цябе на клетачным узроўні выведзем новы від міжпланетнай істоты. Ганарыся гэтым!

— Што-о-о? — ускочыў я.— Як? Навошта? Не хачу! — пратэставалі ўсе мае клеткі.— Я ў раннім маленстве хварэў жаўтухаў. Ваша істота будзе хваравітай!

— Не будзе, мы ўсё прадугледзем,— супакойваў мяне «чырвоны памідор».

Тады я пачаў маніць і хітраваць:

— Ваша істота будзе някемлівай...

Настаўніца ўсміхнулася:

— Не надта ты ўжо і маніў...

Стасік працягваў:

— Тым часам пачало цямнець і хутка чарната акружыла нас з усіх бакоў.

— Гэта што, так хутка надышла ноч? — здзівіўся я.

— Не, гэты мы вылятаем з вашай Сонечнай сістэмы. Промні вашага Сонца не далятаюць сюды, таму, пераадолеўшы міжсістэмную пустэчу, мы хутка дасягнем нашай Сонечнай сістэмы. У нас сваё Сонца і свая Галактыка, пра якую жыхары вашай планеты нават не падазраюць.

Я пацікавіўся:

— А чаго вы прыляталі на Зямлю?

— Гэта — тайна,— коратка адказаў адзін з іх.

— А як завецца ваша планета? — зноў пацікавіўся я.

— Хоць ты ўжо не вернешся на сваю Зямлю,— адказаў той жа іншапланецянін,— на ўсякі выпадак дай слова, што ніколі нікому не агучых назву нашай планеты і Галактыкі.

— Даю піянерскае слова,— урачыста запэўніў я.

І яны назвалі сваю планету і сваю Галактыку.

— І як яна называецца гэта планета? — спыталася Аліна Паўлаўна.

— Прабачце, Аліна Паўлаўна, але на мне ляжыць міжпланетная адказнасць за маё піянерскае слова.

Настаўніца супакоіла Стасіка:

— Разумею, разумею...

А Стасік працягваў:

— Раптам пачалося штосьці падобнае на раніцу. Рабілася відней і відней.

— Вось пачынаецца наша Сонечная сістэма! — абвясціў адзін з касманаўтаў.— Хутка будзем дома!

Прайшло па маіх падліках некалькі гадзін, як я трапіў у гэтую іншапланетную пастку, а мы ўжо ў другой Сонечнай сістэме. Здорава! У той жа час я сумна адзначыў, што гэта «здорава» занесла мяне ад дому ў такую неверагодную далеч і, хутчэй за ўсё, назаўсёды. Я ніколі не ўбачу ні бацькоў, ні сяброў, ні нашай утульнай Зямлі...

Слёзы міжволі зацурэлі з маіх вачэй, і гаспадары талеркі расцанілі іх, як слёзы радасці ад слоў «мы хутка будзем дома».

Нарэшце зусім развіднела і ўверсе паказалася іхняе Сонца. Яно было жоўтае, як яечны жаўток, а неба было светла-лімоннага колеру.

— Вунь! Вунь наша планета! — паўскоквалі «чырвоныя памідоры», паказваючы на кропку, якая імкліва набліжалася да нас, хаця гэта мы імчалі да яе.

Усе, і я ў тым ліку, прыліплі да ілюмінатараў. Хуткасць касмічнага карабля пачала сцішацца, затым ён завіс над гэтай планетай і павольна спусціўся на яе. Іншапланецяне пачалі абдымацца, віншаваць адзін аднаго з заканчэннем пералёту. Страсянулі за плечы і мяне, выказваючы гэтым, што я для іх свой.

Калі мы па трапе спусціліся на планету, першае, што мяне ўразіла — гэта колькасць падобных талерак вакол. Ля кожнага дому, відаць, у кожнай сям’і была такая талерка, толькі меншых памераў. Пазней я даведаўся, што такія лятаючыя апараты ў іх замест машын.

І галоўнае, ад чаго нельга было адвесці вачэй — гэта ўсё наваколле. Уявіце сабе: зямля зялёнага колеру, неба — лімоннага, дрэвы сінія, а жыхары — чырвоныя. Усё мела асобны колер — дамы, рэчкі, нават уласныя лятаючыя апараты. Здавалася, што гэта не рэальная краіна, а па-майстэрску размаляваны казачны мульцік. Вельмі прыгожа!

Уразіла і тое, што нас ніхто не сустракаў, акрамя двух, як я зразумеў, адказных службовых асоб. Пэўна, міжпланетныя палёты ў іх — звычайная справа.

Убачыўшы мяне, сустракаючыя асобы і касманаўты адышлі ў бок і пра нешта доўга размаўлялі. Я здагадаўся, што яны вырашаюць далейшы мой лёс.

Я быў упэўнены, што мяне ізалююць, але адзін з чыноўнікаў падышоў па мяне і сказаў:

— Будзеш жыць пакуль у маім доме, з маёй сям’ёй, а потым вырашым, што з табой рабіць.

Ён быў упэўнены, што мне няма куды ўцякаць, ды і касманаўты, пэўна, даклалі яму, што я добраахвотнік.

Так я апынуўся ў яго сям’і. Мне пашанцавала — у яго, акрамя жонкі была і дачка, прыкладна майго ўзросту. Звалі яе Кісатс — дзіўнае імя. Але, калі я ўдумаўся ў яго сэнс — ажно ўзрушана закрычаў:

— Кісатс, дык мы з табой цёзкі!

Яна здзівілася яшчэ больш за мяне:

— Якія ж мы цёзкі? Я — Кісатс, ты — Стасік.

— А ты прачытай сваё імя наадварот! Альбо маё прачытай наадварот! Разумееш? Во здорава — жылі мы з табой за мільярды кіламетраў адно ад аднаго, а нашы бацькі далі нам адно імя!..

Так пачалося маё жыццё на той далёкай планеце.

Я хачу паўтарыць, што мне вельмі пашанцавала з Кісатс. І не толькі таму, што яна была добразычлівая і разумная дзяўчынка, але і таму... далей вы самі даведаецеся чаму.

Яна расказала мне, што яе бацька займае ў дзяржаве высокую пасаду, што такіх школ, як у нас, у іх няма. Яны, дзеці, аб’яднаны агульнай сістэмай адукацыі праз глабальную сетку відэа-інфарматызацыі. Гэта штосьці падобнае на наш інтэрнэт.

У адведзены час дзеці праз хатнія індывідуальныя мінісістэмы падключаюцца да глабальнай відэасетцы, атрымліваюць заданні ад настаўнікаў, дыскуціруюць між сабой і з тымі ж настаўнікамі, удзельнічаюць у навучальным працэсе да атрымання неабходнага ўзроўню адукацыі.

Кіраўніцтва дзяржавы і дзяржаўнымі ўстановамі ажыццяўляецца таксама праз глабальную сетку інфарматызацыі.

У дзяржаве, а яна адна на ўсёй планеце, няма арміі, няма зброі — адпаведна, няма і войнаў, таму ўсе намаганні і сродкі накіроўваюцца на навукова-сацыяльныя праграмы. За кошт гэтага, жыхары той планеты дасягнулі небывалых навукова-тэхнічных і сацыяльна-эканамічных вяршынь.

Стасік зрабіў невялікую паўзу і ўдакладніў:

— Пра ўсё гэта і многае іншае я даведаўся ад дзяўчынкі ў першы дзень майго знаходжання ў гэтай сям’і. З яе слоў я і пераказваю вам усё гэта, ды і далей буду спасылацца на яе.

Але мяне вельмі непакоіла тое, што я ў гэтым доме часова, што хутка магу апынуцца няведама дзе, адрэзаны інфармацыйна і фізічна ад усяго і ўсіх.

І ўсё ж, па сапраўднаму мяне палохала заява аднаго з іншапланецян падчас палёту, што з мяне, на нейкім клетачным узроўні, створаць нейкую істоту. Істоту створаць, а са мной што будзе? Ці буду я ўвогуле?

Пра свае перажыванні я расказаў Кісатс. Яна пахмурнела:

— Не хачу цябе, Стасік, палохаць, бо дакладна сама ўсяго не ведаю, але, думаю, што з клетак твайго арганізма, а іх у кожнага вельмі шмат, будуць рабіць спробу стварыць кагосьці... Для чаго — не ведаю. Я нешта чула ад свайго таты: прывозілі аднекуль некага, але той эксперымент прайшоў няўдала... Я сама баюся за цябе, Стасік.

Я пахаладзеў:

— А што ж рабіць, Кісатс?

— Не ведаю... лепшае, што можна было б зрабіць — гэта ўцячы. І ўцячы, не адкладваючы, пакуль тваю часовую свабоду не абмежавалі нейкай закрытай тэрыторыяй ці памяшканнем.

— Як уцячы? Куды? — не зразумеў я.

— Туды, адкуль прыляцеў,— адказала дзяўчынка.— Гэта твой адзіны шанц і, не гарантыя, што яго ўдасца выкарыстаць.

— Што ты маеш на ўвазе? — зноў не зразумеў я.— Які шанц? Дзе ён?

— Карабель, на якім ты прыляцеў — вось твой шанц.

Я разгубіўся:

— А як я на яго патраплю? Ён жа ахоўваецца. І хто ім будзе кіраваць? А потым... я вельмі хацеў пабачыць ваш горад, адчуць ваша жыццё. Я ж акрамя яго агульнага выгляду з ілюмінатара нічога не бачыў.

Дзяўчынка пачала нервавацца:

— Табе экскурсія па горадзе даражэй за жыццё! Так? Я згодна рызыкаваць, правесці цябе на карабель, а ты...

— Прабач, Кісатс!.. А хто будзе кіраваць караблём?

— Ты! — рашуча адказала яна.— У нас кожнае дзіця ведае, як кіраваць такой тэхнікай. Я табе асноўнае пакажу. Наперадзе ноч, а раніцай пачнём дзейнічаць.

Стасік перавёў дыханне і звярнуўся да настаўніцы:

— Я, Аліна Паўлаўна, буду прапускаць дэталі нашай падрыхтоўкі плану бегства, скажу толькі, што раніца аказалася не мудрэй за вечар, а больш страшнай за яго.

Самыя горшыя прагнозы Кісатс пацвердзіліся.

Я яшчэ спаў, калі ў мой пакой увайшлі нейкія людзі і згадалі мне збірацца.

— Куды? — спытаўся я, хоць разумеў, што мне ўсё роўна не адкажуць.

Я спецыяльна марудзіў час апранаючыся і з надзеяй пазіраў на дзверы — а раптам у пакой увойдзе Кісатс. Але мае надзеі згасалі з кожнай хвілінай.

— Хутчэй! — падганялі мяне незнаёмцы.— У нас мала часу.

Мяне вывелі, пасадзілі ў талерку без ілюмінатараў і кудысьці павезлі.

Двор, на якім мы селі, быў абнесены высокай сцяной. Пасярэдзіне яго знаходзіўся толькі адзін трохпавярховы будынак.

Я ў гэтай казачна-каляровай краіне ўпершыню ўбачыў чорны колер — будынак, быў чорны, як сажа, што наганяла ў сэрца жах. Пакой, у які мяне пасялілі, быў таксама чорнага колеру, нават ложак і ўся мэбля — чорныя.

Убачыўшы гэта, я ледзь не згубіў прытомнасць, але незнаёмец, які прывёў мяне сюды, ласкава сказаў:

— Не здзіўляйся такому інтэр’еру. Чарната — гэта вынік, гэта самы даўгавечны, самы пастаянны колер для кожнага з нас. Яна псіхалагічна настройвае пацыента на вечнае ўпакаенне. Гэта ў нас замест анестэзіі. Праз нейкі час тут ты забудзешся пра ўсё на свеце, пра ўсе колеры. Затое, пасля аперацыі, ты па-інакшаму будзеш успрымаць сапраўднае суквецце. А пакуль — адпачывай.

Пасля такой анестэзіі ў мяне сапраўды не было ні сіл, ні волі працівіцца чаму-небудзь...

Тым часам Кісатс заўважыла маю адсутнасць і кінулася да бацькі:

— Татачка, а дзе Стасік?! Што з ім?

— Забудзься на яго, дачушка,— як мага мякчэй адказаў ён.— Ён хутка пяройдзе ў іншае малекулярнае вымярэнне.

— Не! — кінулася на шыю бацькі Кісатс.— Я хачу апошні раз пабачыць яго.

— Навошта, дачушка? Эксперыменту дадзен ход.

Кісатс зразумела, што патрэбен нейкі пераканаўчы аргумент. Яна плаксівым тонам сказала:

— Татачка, мы ўчора вечарам пачалі развучваць песню, якую Стасік прывёз з Зямлі. Я яшчэ не зусім валодаю мелодыяй і не ўсе ведаю словы. У іх свае песні, не падобныя да нашых. Ён мне некалькі разоў яе праспявае, я запішу яе на дыск, а потым — працягвайце эксперымент... Ты ж толькі ўслухайся, татачка: «Касіў Ясь канюшыну...» Далей я не памятаю. У нас жа не расце канюшына і няма такіх дзівосных імён як Стасік і Ясь. Дазволь, татачка.

Бацька падумаў і завагаўся:

— Што ж у выпадку няўдалага эксперыменту, няхай пасля яго застанецца хоць канюшына. Добра! Пропуск у цэнтр эксперыментальнай медыцыны я табе выпішу, але толькі на адну гадзіну.

— Дзякуй, родны татачка! Але я б хацела паехаць туды з сябрам Клырстам — ты ж яго ведаеш. Я адна крыху баюся.

— Можна і з Клырстам,— згадзіўся бацька,— хлопец ён надзейны...

Стасік абвёў поглядам клас. Усе вучні былі засяроджаныя і напружаныя. Нават Аліна Паўлаўна скінула з вуснаў недаверлівую ўсмешку.

А Стасік працягваў:

— Я ляжаў на ложку, нібы ў нейкай чорнай бязмежнасці, хоць пакой быў невялікі. Я не проста ляжаў, а пакорліва чакаў свайго канца.

Раптам адчыніліся дзверы і ў пакой увайшоў той жа незнаёмец і ўрачыста сказаў:

— Прымай гасцей!

Убачыўшы Кісатс, я, як сталёвая спружына, падскочыў ледзь не да столі.

— Кісатс, мілая, родная! — не мог стрымаць я слёз радасці і сваіх эмоцый.— Ты тут! Дзякуй!

Незнаёмец, пэўна, доктар, сказаў:

— Не буду вам перашкаджаць,— і выйшаў.

Толькі цяпер я заўважыў, што Кісатс не адна, і хацеў спытацца, хто гэта, але Кісатс тузанула мяне за грудзі:

— Хутчэй распранайся! Хутчэй!

— Навошта?

— І ты хутчэй распранайся! — паўшэптам зашыкала яна на сябра.— Мяняйцеся адзеннем, пераапранайцеся.

Пакуль я корпаўся з адзеннем, Кісатс дастала з сумачкі нейкую бляшанку, адкрыла яе, і пачала націраць мне твар і рукі ярка-чырвонай фарбай.

— Клырст, хутчэй бяры вунь тую шкляначку і фарбуй сябе сам. Маж толькі часткі цела, якія выглядаюць з-пад адзення!

Праз некалькі хвілін я зрабіўся, як спелы памідор, а той Клырст набыў колер маёй скуры.

— Ну, Кісатс! Ну, малыйчына!

— Цішэй ты! — зноў зашыкала яна.— маўчы і выконвай усё, што я загадаю. А ты,— звярнулася яна да Клырста,— кладзіся на ложак і адвярніся да сцяны, а як зойдзе доктар, рабі выгляд, што плачаш — уздрыгвай усім целам.

— А што будзе з ім? — занепакоіўся я.— Яму ж пападзе!

— Не хвалюйся, яго выпусцяць пасля таго, як усё высветліцца... Вось мне перад татам будзе сорамна, але — перажыву.

Клырст бухнуўся на ложак і адвярнуўся да сцяны, а Кісатс адчыніла дзверы і зычна сказала:

— Бывай, Стасік! Не хвалюйся, усё будзе добра!

Зайшоў доктар, а мы з Кісатс, знешне спакойна выйшлі ў калідор. Я, праўда, адварочваў твар, баяўся, што мяне пазнаюць і схопяць.

Кісатс ветліва развіталася з доктарам і мы хуценька падаліся да выхаду. За спінай чуўся голас доктара:

— Паплач, паплач, табе зробіцца лягчэй...

Трэба дадаць, што Кісатс прыляцела на сямейнай лятаючай талерцы, у якую мы хуценька селі.

— Цяпер перад намі апошняя складанасць — карабель, у якім ты прыляцеў,— усхвалявана выдыхнула дзяўчына.— Галоўнае, папасці ў яго. Уперад!

І праз некалькі хвілін мы прызямліліся.

Карабель стаяў ля нейкай дзяржаўнай установы і быў зачынены.

Убачыўшы нас, з будынку выйшаў, відаць, навуковец і строга спытаўся:

— Што вам тут трэба?

Кісатс ласкава патлумачыла:

— Дазвольце мне з маім сябрам зайсці на хвілінку ў карабель. Толькі на хвіліначку! Так хочацца дыхнуць паветрам, якое прыляцела да нас з далёкай Зямлі.

Пазнаўшы дачку высокага начальніка, навуковец памякчэў:

— Пастаронніх пускаць у карабель забаронена, але для цябе, Кісатс, я зраблю выключэнне. Толькі нічога там рукамі не чапаць,— і дазволіў нам зайсці ў сярэдзіну карабля.

Усе пульты і экраны былі выключаны, але дзяўчынка па-майстэрску штосьці націснула, нешта пакруціла і ўсё ажыло, засвяцілася і заміргала.

Кісатс ліхаманкава пачала інструктаж:

— Вось аўтаматычны рэжым работы. Бачыш? Гэта — сістэмы навігацыі. Задаём сістэме загад: «Адваротны курс». Гэта значыць — маршрут да Зямлі. Гэта кнопка — узлёт, гэта — хуткасць. Гэта — кіслародазабеспячэнне. Гэты экран высвеціць за сотні кіламетраў ад цябе небяспечны астэроід ці іншы міжпланетны карабель. Вось гэта — управа, улева — манеўр. Гэтыя шафы — халадзільнікі з запасамі ежы ў гранулах і вады ў спецыяльных крышталах.

Як толькі я зачыню за сабой ўваходны люк — цісні на кнопку «ўзлёт», праз хвіліну ўключай сістэму навігацыі і хуткасць.

— А як жа ты, Кісатс? Што будзе з табой?

— Я, пасля твайго ўзлёту, закрычу, што ты выпхнуў мяне з карабля і ўгнаў яго. Не хвалюйся!

— Дзякуй табе, дарагая Кісатс! Я цябе ніколі не забуду! — ледзь не заплакаў я.

Яна дрыготкім голасам адказала:

— Шкада расставацца, але бывай, цёзка! Шчасліва даляцець!

Праз хвіліну я быў у паветры, яшчэ праз хвіліну ўжо імчаў у кірунку Зямлі.

— Ура! Я хутка буду дома! — радасна закрычаў я і заспяваў усё, што прыходзіла ў галаву.

Праз нейкі час пачало цямнець і я зразумеў, што карабель пакідае жоўтую Сонечную сістэму. Хутка, як і першы раз, зрабілася зусім цёмна і толькі пульт і экраны вакол не давалі страху авалодаць мной. А страшна было не слаба. Уявіце — я адзін у глыбінях космасу імчу насустрач невядомасці.

Раптам мне зрабілася па-сапраўднаму страшна — пульт кіравання пачаў паступова патухаць і на экране высветлілася засцярога: «Пульт адключаецца, акумулятары разрадзіліся — пераход на ручное кіраванне».

У мяне валасы закраталіся на галаве. Якое ручное кіраванне? Дзе яно? Кісатс пра яго нічога не казала! І як ім карыстацца?

Сорамна сказаць, але я ад жаху закрычаў: «Ма-а-ма!» Усе прыборы патухлі, цемра вакол такая, быццам я не ў касмічным караблі, а ў банцы, поўнай ваксы.

Я мацаў рукамі па панэлі кіравання, хапаўся за нейкія рычажкі і тумблеры, але нічога не пераключаў і не націскаў, баяўся нашкодзіць.

Тут, на вялікую маю радасць, пачало паціху віднець — значыць набліжаецца другая, наша Сонечная сістэма.

Калі ж зусім пасвятлела і паявілася наша Сонейка, я пачаў разглядаць пульт кіравання. Знайшоўшы надпіс «ручное кіраванне», я нерашуча ціскануў на кнопачку і адразу з панэлі высунулася штосьці падобнае на штурвал. Я ўхапіўся за яго рукамі і паспрабаваў ціхенька павярнуць управа, улева. Карабель паслухмяна хіснуўся ў абодва бакі.

— Я кірую касмічным караблём! — з гонарам закрычаў я і зноў заспяваў, але адразу прыкусіў язык: — Што я раблю? Навошта, кратаю штурвал? Я ж магу адхіліцца ад курса і праляцець міма Зямлі. Я да болю ў пальцах сціснуў штурвал, не дазваляючы яму павярнуцца ні на міліметр.— Толькі прама! Толькі ў тым кірунку, які загадала сістэма навігацыі! — шаптаў я.— А вунь і месяц! Усё правільна! Калі ляцелі ад Зямлі, ён быў справа, цяпер, наадварот — злева.

Я зноў пачаў спяваць, не выпускаючы з рук штурвал, бо ведаў, што ад месяца да Зямлі — рукой падаць.

І сапраўды праз хуткі час паказаўся шарык — наш родны Зямны шарык, які ўсё рос і рос у памерах. Я ліхаманкава знайшоў пульт з надпісам «хуткасць», павярнуў рычажок у бок яе сцішэння і Зямля пачала набліжацца значна цішэй.

— Ага! Вунь кантыненты і акіяны! Вунь Амерыка... Не, яна мне і задарма не трэба. А дзе ж Беларусь? Эх, шкада, пакуль не бачу! А вунь Расія! Ура! — бяру курс на Расію, бо ведаю, што недзе побач мой дом, наша сінявокая зямля. Цяпер я сваю Радзіму адшукаю хутка!

Бяру рэзка ўправа і пікірую ўніз. Хуткасць выбраў самую малую, каб не праскочыць міма мэты. Вось ужо відаць лясы, нейкія населеныя пункты, рэчкі — і зноў лясы.

Раптам у мяне над галавой зараўла сірэна і аварыйны блок высветліў міргаючы надпіс: «Аварыйная пасадка! Аварыйная пасадка. Сістэма энэргазабеспячэння заканчваецца!»

Я адчуў, як карабель, а з ім і я, даволі рэзка апускаемся ўніз. Я паспеў прышпіліцца да крэсла і ў наступны момант карабель жорстка шмякнуўся аб зямлю. Дзверы аўтаматычна адчыніліся і ў сярэдзіну талеркі шуганула свежае паветра.

Я адшпіліў рэмні і куляй выскачыў з талеркі.

— Зямля! Трава! Дрэвы! Ура-а! — крычаў я, як звар’яцелы. Потым азірнуўся. Талерка прызямлілася на лясную паляну і ляжала на баку. Дзе я, што рабіць і куды ісці — не ведаў.

— Ды некуды выйду! — падбадзёрыў я сябе і пашыбаваў, як мне здавалася, прама.

Прыкладна праз гадзіну, я апамятаваў — я ж, дурань, не прыхапіў у кішэні з халадзільніка ежу і ваду, а раптам буду доўга блукаць...

Кінуўся назад, управа, улева — пятляў, пятляў, а сваю талерку так і не знайшоў. Толькі сілы патраціў і час змарнаваў.

Цяпер ужо я сябе так заблытаў у лесе, што не меў паняцця, куды кіравацца і як ратавацца.

Карацей, пятляў я па лесе тры дні і тры ночы. Уратоўвалі мяне ад голаду лясныя агяды, якіх было даволі многа.

На чацвёрты дзень я заўважыў, што лес паступова пачаў пераходзіць у гарыстасць. Ісці стала цяжэй, ягады траплялі ўсё радзей. Сілы пакідалі мяне.

— Няўжо я, прайшоўшы праз такія міжпланетныя выпрабаванні, загіну на сваёй роднай планеце Зямля? — прастагнаў я і раптоўна адчуў пах дыму, быццам недзе палілі касцёр.

— Эге-ге-ей! Людзі! Ратуйце! — залямантаваў я.— Памажыце! Я ту-у-ут!

Прыслухаўся — ціха.

Я зноў закрычаў што ёсць сілы і на гэты раз падалося, быццам хтосьці адгукнуўся.

Я з усіх ног, як шалёны, кінуўся ў той бок і праз некалькі хвілін заўважыў касцёр і нейкіх барадатых людзей ля яго.

— Дзядзечкі, родныя! — кінуўся я да іх, абліваючыся слязьмі.— Дзядзечкі, я вас знайшоў!

— Адкуль ты тут узяўся, Рабінзон? — здзівіліся яны, смяючыся. Але, убачыўшы мае слёзы, схуднелы і змардаваны выгляд, абхінулі мяне нейкай тканінай, накармілі і напаілі гарачым чаем.

Я сёрбаў чай, апякаючы вусны і абліваючы калені і толькі ўсхліпваў: «Дзядзечкі... дзядзечкі...»

Калі я прыйшоў у сябе і супакоіўся, яны спыталіся:

— Дык адкуль ты ўзяўся тут і што з табой здарылася? І чаму ты такі чырвоны — дзе ты ў фарбу ўлез?

Замест адказу я спытаў:

— А далёка адсюль Беларусь?

Незнаёмцы, цяпер ужо ад душы зарагаталі:

— Хлопча! Тут вакол нас на дзясяткі, а ў некаторыя бакі і на сотні кіламетраў тайга. А да тваёй Беларусі — некалькі тысяч кіламетраў. Ты што, пешшу збіраўся ісці да Беларусі?

— А вы хто? — спытаўся я.

— Мы — геолагі, а вось ты так і не адказаў, адкуль ты ўзяўся. Ты што з неба зваліўся?

Не мог жа я ім сказаць, што я сапраўды з неба зваліўся — не павераць! — таму я пачаў хітраваць, выкручвацца:

— Я адстаў ад бацькоў... Мы падарожнічалі... Мясціны незнаёмыя... Вось... А чырвоны я таму, што мы з бацькам гулялі ў індзейцаў.

— Вось што, хлопчык, пакінь ты пры сабе сваю ману. Праз тыдзень за намі прыляціць верталёт, давязём цябе да нашага стацыянарнага лагера. Адтуль на папутнай машыне адправім цябе да чыгункі — і каці сабе з Далёкага Усходу ў сваю Беларусь. Праўда, перад тым, як адправіць цябе ў такое доўгае падарожжа праз усю Расію, мы патэлефануем тваім бацькам, каб пераканацца ў тым, што ты сапраўды з Беларусі і цябе там чакаюць. Тэлефон у тваіх бацькоў ёсць?

— А як жа! — запэўніў я.— І хатні, і мабільны...

— Вось тут, Аліна Паўлаўна, можна паставіць кропку ў маіх прыгодах — заключыў Стасік.— дадам толькі, што злётаў я ў другую Сонечную сістэму і вярнуўся на Зямлю менш, чым за двое сутак, а вяртаўся з той тайгі дадому два тыдні...

Аліна Паўлаўна звярнулася да дзяцей:

— Ну што, паверым Стасіку?

— Паверым! Паверым! — у адзін голас закрычалі вучні.

— А дзе той касмічны карабель? — спыталася настаўніца.— Хто-небудзь шукае яго? Ці ты не паведамляў пра яго афіцыйным органам?

— Пакуль не... — ціха адказаў Стасік.— Тата параіў мне маўчаць, каб не палічылі манюкам ці зусім...

— Усё ты расказаў складна-ладна,— разважала настаўніца,— а вось доказаў ніякіх не прадставіў. Няўжо нічога ты адтуль не прывёз такога... не нашага?

— Доказы ёсць! — спахапіўся Стасік.— Там, у касмічным караблі, застаўся сувенір ад Кісатс — мініяцюрны герб і сцяг — сімвалы той каляровай дзяржавы. Я пасля таго, як карабель ударыўся аб зямлю, у гарачцы выскачыў з яго і потым забыўся пра той падарунак....

Зазваніў званок на чарговы перапынак і настаўніца выйшла з класа, а аднакласнікі Стасіка шчыльна абступілі яго і засыпалі пытаннямі...

Будзем спадзявацца, што з часам, тую касмічную талерку ўсё ж знойдуць і тады ніхто нават і падумаць не асмеліцца, што Стасік маніў.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.