Усё ў жыцці
За доўгі час было —
І смех, і грэх,
і соладка, і горка.
А што было, яно...
Не! Не сплыло,
Дарэмна нам
Лагодзіць пагаворка.
Нам ад «было»
Не дзецца нікуды,
У тым было —
і святы, і нягоды.
Ўсё, што было,
яно ў душы заўжды,
Як груз цяжкі і лёгкі —
Ў нас заўсёды.
Наш лёгкі «груз»
Шмат успамін нясе,
Нібыта крылы
казачнае феі
У ім і ўзлёты,
й святкаванні ўсе,
Ўсе радасныя,
Светлыя падзеі.
Але хвіліны шчасця —
Вось бяда,
Хоць грэюць моцна,
але й хутка стынуць,
Ў мінулае,
амаль што без сляда
Спяшаюцца,
Імкнуцца нас пакінуць.
А груз цяжкі —
і безліч чорных дат,
Й памылак безліч,
даўніх і нядаўніх
І шмат балючых,
беззваротных страт,
І дзеянняў бяздумных,
Непапраўных.
А груз цяжкі —
пакуты ўсіх пакут.
Ён не прымае
Самаапраўдання.
Тут і сумлення
непадкупны суд,
Й благіх учынкаў
Самакатаванне.
На шалях часу —
цемра і святло,
Дабро і зло,
Жыцця трыумф і смецце.
Каб тое, што было,
усё сплыло,
Мы б сталі горш, чым ёсць
На гэтым свеце.