epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Што да чаго?

Я прыйшоў у жыццё, каб спасцігнуць яго —

Адукацыю грыз, паглыбляўся ў дылемы,

Невядомым цікавіўся — што да чаго?

Не мінаў аніводнай заблытанай тэмы.

 

Рэшткі ведаў збіраў я, ламаў галаву,

Спадзяваўся, што штосьці складу з іх ці склею.

І прыйшоў да высновы — чым болей жыву,

Тым жыцця мудрагелістасць менш разумею.

 

Кажуць, чорт калыхае дзяцей гультаю,

Я ж не лындзіў, круціўся вавёркай у коле.

І адкрыў з часам... малапісьменнасць сваю,

Безліч кніг прачытаўшы, пуды з’еўшы солі.

 

Можа, й праўда, галоўнае — пі сабе, еш,

Ты — ўсяго чалавек, ні тытан, ні асілак...

Век жыві, век вучыся, а дурнем памрэш,

Напладзіўшы грахоў, нарабіўшы памылак.

 

О, каб кожны ўсвядоміў з маленства свайго:

«Толькі еш, толькі пі» — бессэнсоўе, бязвыйсце.

Сэнс жыцця — пошук ісціны — што да чаго?

Пошук сэнсу жыцця — гэта ісціна ісцін.


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.