epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Што я магу сказаць?..

Што вам магу сказаць я

пры сустрэчы,

Я вам — і невядомы,

і чужы?..

Сказаць агульна —

значыць, час скамечыць,

Душой не дакрануцца да душы.

 

Чым вас магу я

пры сустрэчы ўразіць,

Я вас — звычайны,

адпіхнуты ў кут?

Сказаць вам, што жыццё

дажынкі ладзіць —

Ці ж гэта толькі

для мяне прысуд?

 

Аб чым маглі б мы

пры сустрэчы марыць?..

Я мару быць патрэбным вам.

А вы?

Я мару неба лёсу не захмарыць,

Свайго і не свайго —

пакуль жывы.

 

Сказаць я вельмі многа

быў гатовы,

І шмат сказаў —

і ў вочы, і ў спіну.

А вось да душ не даляталі словы,

На жаль...

Нібыта біліся ў сцяну.

 

Ды я і сам,

у жыццятлуме спешным

І слухаў шмат,

а не пачуў усіх,

Таму, напэўна,

што не быў бязгрэшным,

Хоць быў далёка ад усіх інтрыг.

 

Нам кожны б дзень,

і кожнае імгненне

Збліжэнне нашых душаў святкаваць.

Прыйшло б тады ўзаемаразуменне,

І адышло б:

«Што я магу сказаць?..»


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.